Эпідэміі пакуль няма, але ад сьвінога грыпу людзі паміраюць

Афіцыйныя крыніцы, у тым ліку і сайт Міністэрства аховы здароўя, сьцьвярджаюць, што зараз у Беларусі захворвальнасьць на вострыя рэсьпіраторныя вірусныя інфэкцыі і грып знаходзіцца на неэпідэмічным узроўні. У той жа час мэдыкі рыхтуюцца да другой хвалі эпідэміі.

Першая хваля эпідэміі грыпу і масавых захворваньняў на ўскладненую пнэўманію прайшла. Нагадаем, увосень амаль два дзясяткі аддзяленьняў у сталічных клініках (рэўматалёгіі, нэўралёгіі, кардыялёгіі) былі перапрафіляваныя ў пульманалёгіі. Толькі ў дзявятым шпіталі Менску перапрафілявалі тады 6 аддзяленьняў на 60 чалавек кожнае. Перад Новым годам усе яны зноў сталі прымаць хворых па сваім профілі. Але гэта не азначае, што выпадкаў сьвінога грыпу і ўскладненых пнэўманій няма, кажа лекарка зь дзявятага шпіталя сталіцы:

“У пульманалёгіі ў трох чалавек выявілі вірус сьвінога грыпу. У тых, хто нядаўна паступіў. Перад выходнымі адзін чалавек памёр у рэанімацыі ад сьвінога грыпу, гэта 42-гадовы мужчына. Учора ў нас была лекцыя пра сьвіны грып, сказалі, што ідзе другая хваля. Нас папярэдзілі, што адна з клінік ужо зарэзэрваваная, ня ведаю дакладна — альбо пятая, альбо шостая. І папярэдзілі: рыхтуйцеся і дзявятая клініка”.

Падчас першай хвалі эпідэміі больш за 1 мільён 70 тысяч беларусаў перахварэлі на вірусныя інфэкцыі. Паводле інфармацыі Менскага гарадзкога цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі, у сталіцы было праведзена каля 1150 лябараторных дасьледаваньняў, зь іх у 272 аналізах быў знойдзены вірус высокапатагеннага грыпу А (H1N1). Колькі насамрэч было выпадкаў сьвінога грыпу, дакладна сказаць немагчыма. Галоўны эпідэміёляг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан тлумачыць, што ня ў кожнага, хто захварэў, бралі аналізы для лябараторных дасьледаваньняў.

“Зараз не вядзецца індывідуальны ўлік, проста вядзецца маніторынг аб выдзяленьні вірусаў. Зараз вірус пандэмічнага грыпу выдзяляецца ў вельмі малых колькасьцях. Усяго за мінулы тыдзень грыпу А — 10% станоўчых проб ад усяго матэрыялу. Гэта і сэзонны, і пандэмічны разам”.

Хутка можа пачацца новы ўздым эпідэміі. Галоўны эпідэміёляг Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан кажа:

“Складана сказаць, якія прагнозы. Але, улічваючы шматгадовыя назіраньні, заўсёды пры канцы студзеня — на пачатку лютага рост захворваньняў віруснымі інфэкцыямі быў. Магчыма, так здарыцца і сёлета”.

Так званыя групы рызыкі — мэдыкаў, супрацоўнікаў міліцыі, камунальных службаў — ужо пачалі прышчапляць ад сьвінога грыпу. Беларусь закупіла 1 мільён дозаў для вакцынацыі 500 тысяч чалавек. Масавая вакцынацыя для насельніцтва пачнецца пазьней, калі закупяць болей вакцыны, кажа галоўны эпідэміёляг Іна Карабан:

“Гэта ж цалкам новы вірус, і ён будзе цыркуляваць сярод нас. У кагосьці ён працякае зусім бессымптомна, ну, могуць быць нейкія лёгкія катаральныя зьявы, і чалавек ніколі не падумае, што ў яго грып. У кагосьці захворваньне сярэдняй цяжкасьці, у кагосьці хвароба праходзіць цяжка. На сёньняшні дзень пакуль мутацый няма, а што будзе потым, час пакажа”.

Паводле дадзеных Усясьветнай арганізацыі аховы здароўя, 208 краінаў паведамілі пра лябараторна пацьверджаныя выпадкі пандэмічнага грыпу А (H1N1), у сьвеце зарэгістравана больш за 12 800 сьмяротных выпадкаў ад сьвінога грыпу.

13 студзеня ў інтэрвію “Эўрарадыё” галоўны санітарны лекар Менску Алена Фісенка заявіла. Што прыблізна чацьвёртая частка ўсіх хворых на ВРВІ хварэюць на “сьвіны грып”.