Пракуратура Беларусі не камэнтуе рашэньне не выдаваць Літве Ўсхопчыка

Уладзімер Усхопчык

Па камэнтары пракуратура адсылае да літоўскіх калегаў.
“Адказ на запыт выдаць Уладзімера Ўсхопчыка (…) адпраўлены літоўскаму боку”, заявілі Інтэрфаксу ў пракуратуры. Болей там ніякіх камэнтароў не далі.

“Генпракуратура Літвы атрымала адказ з генпракуратуры Беларусі, у якім сказана, што Літве ня будзе аказана дапамога па справе “13 студзеня”. Паўторны зварот з просьбай выканаць адпаведныя працэсуальныя дзеяньні ў дачыненьні да падазраваных У.Усхопчыка і С.Юонене ў Беларусь быў высланы восеньню 2009 году”, паведамляюць літоўскія мэдыі.

СМІ Літвы цытуюць прадстаўніка пракуратуры сваёй краіны: “Беларуская генпракуратура паўтарыла сваю пазыцыю пра тое, што дзейнасьць падазраваных яна ацэньвае паводле дзейных у той час законаў — законаў СССР — як імкненьне абараніць канстытуцыйны лад той дзяржавы і яе тэрытарыяльнай цэласнасьці”.

Генэрал Уладзімер Усхопчык камандаваў віленскім гарнізонам у час падзеяў 13 студзеня 1991 году.

Пры спробе савецкіх вайскоўцаў і спэцчастак захапіць віленскую тэлевежу загінула 14 мірных жыхароў і болей за тысячу пацярпелі.

Савецкія войскі захапілі вежу, а таксама будынак Літоўскага радыё і тэлебачаньня. Аднак яны не адважыліся напасьці на будынак парлямэнту, які баранілі тысячы людзей.