Нафта ў малацэ

Барыс Жаліба

«Рассельгаснагляд» прыняў рашэньне ўзмацніць кантроль за прадукцыяй 10 беларускіх прадпрыемстваў, якія займаюцца выпускам малочнай прадукцыяй. Ці можна сказаць, што Масква пагражае зноў распачаць малочную вайну ў адказ на нафтавы канфлікт? Ці будзе афіцыйны Менск баяцца новага этапу малочнай вайны? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказвае эканаміст Барыс Жаліба.
Цыганкоў: Чаму зараз прагучала паведамленьне, што расейскія ўлады зьбіраюцца ўзмацняць кантроль за прадукцыяй беларускіх малочных прадпрыемстваў. Ці дапушчальна зьвязаць гэта з тым нафтавым канфліктам, які адбываецца зараз паміж Масквой і Менскам?

Жаліба: Я думаю, гэта варта зьвязваць. Разгортваецца новая гандлёвая вайна, энэргетычная вайна. Можа, я і перабольшваю, але наша нядаўняя гісторыя якраз пра гэта сьведчыць. І гэтае паведамленьне — толькі працяг у малочнай галіне гэтай энэргетычнай вайны.

Цыганкоў: Але ці напалохаецца афіцыйны Менск гэтай пагрозы? Ці баіцца беларускі бок малочнай вайны? Тут варта прыгадаць, хто ж выйграў ад малочнай вайны, што было летам.

Жаліба: Гэта гульня на нэрвах. Гэта ціск па непасрэдных пытаньнях, і ціск па ўскосных пытаньнях.

У той малочнай вайне ня выйграў, я лічу, ніводзін бок. Тады Масква трошкі адступіла і адклікала некаторыя патрабаваньні.

Цяпер працягваецца гэты сэрыял. Магчыма, тут шмат чаго за кадрам. Ясна, што Масква выкарыстоўвае гэта як шантаж, як націск па больш важным пытаньні. Гэта гульня на нэрвах.

Цыганкоў: Але пагрозы ўзмацніць кантроль за малочнай прадукцыяй — застануцца толькі пагрозамі, у рамках гульні нэрваў, ці пяройдуць у практычныя дзеяньні?

Жаліба: Я думаю, гэта толькі пагроза. Бо наш малочны экспарт ня мае такога значэньня, як наш экспарт нафтапрадуктаў, што вырабляюцца з расейскай нафты. Тут галоўная арэна бітвы. Расейскі бок паводзіць сябе даволі непасьлядоўна. Ён дае нейкія авансы, а потым адыходзіць на ранейшыя пазыцыі.

А тое, што ціск ідзе і па ўскосных пытаньнях, у тым ліку па малацэ — дык гэтага трэба чакаць. Гэта ўсё ў рамках агульнага ціску на беларускі бок.