Міліцыянты не прызналі факт выкраданьня Зьмітра Дашкевіча

Зьміцер Дашкевіч

Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч атрымаў паведамленьне зь міліцыі Заводзкага раёну Менску пра тое, што паводле падзеяў 5 сьнежня распачата крымінальная справа.
У той дзень хлопца схапілі невядомыя людзі каля дзьвярэй кватэры і вывезьлі за 70 кілямэтраў ад Менску. У яго забралі мабільны тэлефон і ўсе рэчы з кішэняў. Самога Зьмітра пакінулі ў лесе.

Калі Зьміцер дабраўся ў Менск, то міліцыянты зрабілі ператрус у ягонай кватэры. Пазьней распачалі крымінальную справу паводле часткі другой артыкулу 206 (рабунак, зьдзейсьнены групай асобаў).

Паводле ж факту выкраданьня чалавека, гвалтоўнага ўтрыманьня і незаконнага пазбаўленьня волі справу распачынаць ня сталі.

Зьміцер Дашкевіч так пракамэнтаваў паведамленьне зь міліцыі:

“Беларускія ўлады заклапочаныя хваляй грамадзкага рэзанансу, якая ўзьнялася як унутры краіны, так і на міжнароднай прасторы, пра што сьведчаць і паклёпніцкія сюжэты на БТ, і выказваньні ўласна Лукашэнкі. Таму, каб хоць неяк адрэагаваць на грамадзкі рэзананс, міліцыяй была заведзена крымінальная справа па факце рабаўніцтва, бо завядзеньне справы непасрэдна за выкраданьне азначала б фактычнае прызнаньне такіх інцыдэнтаў”.

Летась 25 сакавіка невядомыя схапілі на вуліцы намесьнікаў Зьмітра Дашкевіча Насту Палажанку і Дзяніса Карнова. Пазьней маладыя людзі апазналі на адным фотаздымку аднаго з выкрадальнікаў — байца спэцпадразьдзяленьня “Алмаз” Аляксандра Леаненку.

На наступны дзень пасьля выкраданьня Зьмітра Дашкевіча невядомыя вывезьлі за горад лідэра кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Яўгена Афнагеля.

Першым у сьпісе моладзевых лідэраў, якіх выкралі, абрабавалі і вывезьлі за горад людзі з рацыямі, стаў лідэр “Маладой Беларусі” Артур Фінькевіч.

Паводле фактаў выкраданьня распачаты крымінальныя справы, але ніводная зь іх не дайшла да суду.