У Рагачоўскім раёне падпалілі царкву

Сёньня раніцай блізу 6-й гадзіны загарэлася пабудова царквы Сьвятога Мікалая Цудатворцы ў вёсцы Стары Крыўск Рагачоўскага раёну.
Паводле інфармацыі супрацоўнікаў Гомельскай ўправы Міністэрства надзвычайных сітуацыяў, якія спасылаюцца на відавочцаў, пажар усчаўся з двух бакоў драўлянай пабудовы.

Агнём зьнішчаны дах, перакрыцьці й тыльны бок царквы, а таксама маёмасьць, якая знаходзілася ўнутры бажніцы. Напярэдадні тут не было ніякага багаслужэньня. Выглядае, што падпал учыніў нейкі зламысьнік.

Драўляная бажніца Сьвятога Мікалая Цудатворцы была пабудавана амаль два стагодзьдзі таму, у 1815 годзе. Яна належала Гомельска-Жлобінскай праваслаўнай епархіі.