“Мы дзейнічаем не дзеля задавальненьня ЭЗ”

Сяргей Мартынаў

Пра гэта ў часе прэсавай канфэрэнцыі ў Вене заявіў журналістам беларускі міністар Сяргей Мартынаў. У прэсавай канфэрэнцыі таксама ўзяў удзел міністар замежных спраў Аўстрыі Міхаэль Шпіндэлегер.
Як нагадвае аўстрыйскім чытачам венская Die Presse, кіраўнік беларускага МЗС Сяргей Мартынаў – першы з высокіх урадавых беларускіх чыноўнікаў, які з афіцыйным візытам наведаў Аўстрыю за апошнія больш чым 10 гадоў. У часе сустрэчы з журналістамі, Мартынаў “адкрыта” і “грунтоўнай ангельскай мовай” патлумачыў сутнасьць “палітычных зігзагаў” беларускага рэжыму паміж Усходам і Захадам: “Нашы дзеяньні накіраваныя не на тое, каб задаволіць Эўразьвяз, – сказаў Сяргей Мартынаў. – Яны павінны задавальняць патрэбы беларусаў".

Паводле выданьня, гэта было “нібыта выразным ударам у сьпіну патрабаваньням ЭЗ аб дэмакратызацыі і пажаданьням Рады Эўропы аб адмене сьмяротнага пакараньня”.

Камэнтуючы ў размове з Die Presse цяперашні характар дачыненьняў Менску з ЭЗ, прадстаўнік Нямецкай асацыяцыі ўсходнеэўрапейскіх даследаванняў Фолькер Вайсхзэль заўважае, што пэўнае набліжэньне выклікана неабходнасьцю”.

Паводле Вайхзэля, па Беларусі цяжка ўдарыў эканамічны крызіс, а Лукашэнку дзеля ўмацаваньня ўлады неабходная ў тым ліку і дапамога Эўропы.

Вайхзэль крытыкуе нядаўні візыт у Беларусь італьянскага прэм'ера Сільвіё Бэрлюсконі, якога пачалі параўноўваць з “палітычным ледаколам”. Паводле аналітыка, “ЭЗ ня змогуць ўспрымаць сур’ёзна, калі ён пачне гаварыць адразу некалькімі галасамі.”

“Лакмусавай паперкай” далейшых дачыненьняў ЭЗ зь Менскам могуць стаць маючыя адбыцца ў наступную вясну мясцовыя выбары. Што да зацьверджанай рэформы выбарчага законадаўства, то яна, паводле экспэртаў, мае ня больш як касмэтычны характар.”