На Гомельшчыне нелегальнае прадпрымальніцтва павялічылася ўдвая

Гомельскі Цэнтральны рынак, архіўнае фота.

Сёлета на Гомельшчыне за незаконную прадпрымальніцкую дзейнасьць аштрафавана звыш 600 чалавек. Агулам сума штрафаў перавысіла 200 мільёнаў рублёў. А ўсяго з пачатку году, як падае абласная інспэкцыя па падатках і зборах, зафіксавана амаль 2600 выпадкаў незаконнага прадпрымальніцтва, якім займаліся жыхары рэгіёну. Гэта амаль удвая перавышае леташні паказьнік.
«Тут ня трэба зьдзіўляцца, — лічыць індывідуальны прадпрымальнік Уладзімер, які працуе на Цэнтральным рынку. — Ініцыятыўных людзей улады мэтадычна выціскалі зь легальнага бізнэсу — рознымі стаўкамі, падаткамі, праверкамі. Таму многія сышлі ў цень альбо проста не рэгіструюцца. Апрача таго, дрэннае матэрыяльнае становішча вымагае і маладых, і пэнсіянэраў займацца рознымі дадатковымі заняткамі».

Асабліва шмат людзей нелегальна займаюцца гандлем, будаўнічымі й транспартнымі паслугамі.

Гомельскія ўлады рэкамэндуюць цяпер нават чыноўнікам ЗАГСаў больш пільна сачыць за асобамі, якія займаюцца фота- й відэаздымкамі, а газэтам, перш чым друкаваць рэкляму, — патрабаваць рэгістрацыйнае пасьведчаньне.