Дэпутаты пагадзіліся з новымі правіламі праслухоўваньня тэлефонаў

Сёньня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў прынялі ў другім чытаньні зьмены і дапаўненьні ў некаторыя законы, што тычацца ўзмацненьня барацьбы са злачыннасьцю.
Падчас абмеркаваньня гэтага дакумэнту ў першым чытаньні 4 сьнежня ў дэпутатаў узьніклі пэўныя сумневы, паколькі Закон дазваляе старшыні КДБ Беларусі, міністру унутраных спраў і кіраўніку дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў без санкцыі пракурора праводзіць ператрусы, праслухоўваньне тэлефонаў і гэтак далей. Старшыня Камісіі па нацыянальнай бясьпецы Палаты Прадстаўнікоў Віктар Гумінскі казаў, што гэтыя сумневы былі зьнятыя на пашыраным паседжаньні Камісіі са спэцыялістамі ў галіне барацьбы са злачыннасьцю. Гэтае паседжаньне адбылося паміж разглядам дакумэнтаў у першым і другім чытаньні. Магчыма, таму ніякіх прапаноў ад дэпутатаў пасьля першага чытаньня, сказаў спадар Гумінскі – не паступала.

Пасьля таго як усе 97 дэпутатаў, якія ўдзельнічалі ў галасаваньні, выказаліся за прыняцьце гэтага дакумэнту, старшыня Палаты прадстаўнікоў Уладзімер Андрэйчанка сказаў, што гэты закон выклікаў неадназначную рэакцыю ў грамадзтве.

Таму ён прапанаваў праз нейкі час прааналізаваць выкананьне гэтага дакумэнта. “Трэба будзе паглядзець, колькі такіх дакумэнтаў падпісалі старшыня КДБ, міністар унутраных спраў, кіраўнік дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў”.