Хворых на сьвіны грып лічыць ня будуць. Вакцыны атрымаюць міліцыянты

Беларускія мэдыкі спынілі ўлік выпадкаў пандэмічнага грыпу. "Неабходнасьці ў масавым абсьледаваньні насельніцтва і падліку выпадкаў пандэмічнага грыпу на дадзеным этапе ў Беларусі няма”, заявілі ў Міністэрстве аховы здароўя, патлумачыўшы гэта тым, што “ў адпаведнасьці з рэкамэндацыямі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя пры зьяўленьні істотнай колькасьці вострых рэспіраторна-вірусных захворваньняў на фоне лябараторна даказанага пранікненьня ў краіну вірусу пандэмічнага грыпу індывідуальны ўлік не патрэбны", паведамілі “Інтэрфаксу” ў Міністэрстве аховы здароўя Беларусі.

Міністэрства аховы здароўя Беларусі па-ранейшаму заяўляе, што сьвіны грып ў Беларусі з пачатку пэрыяду эпідэміялягічных назіраньняў лябараторна пацьверджаны ў 165 чалавек, зь якіх 139 за апошні час. Паводле стану на сярэдзіну лістапада ў Беларусі ад сьвінога грыпу памерлі 13 чалавек.

Міністэрства аховы здароўя зьбіраецца закупіць каля 1 мільёну дозаў вакцыны супраць сьвінога грыпу, каб вакцынаваць каля 500 тысячаў супрацоўнікаў так званых жыцьцёва важных службаў – мэдыкаў, супрацоўнікаў жыльлёва-камунальных службаў, шэрагу падразьдзяленьняў МУС і МНС.

Паводле Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, колькасьць сьмерцяў у выніку захворваньня на грып А/H1N1 толькі за тыдзень павялічылася на тысячу выпадкаў і складае 8768 чалавек.

Раней першы намесьнік міністра аховы здароўя Робэрт Часнойць сказаў, што на другую палову сьнежня прагназуецца рост захворваньняў на вірусныя інфэкцыі.