Жыхар Віцебску хоча адмовіцца ад беларускага грамадзянства

Сяргей Белязека, беспрацоўны апазыцыйны актывіст, зьвярнуўся да Аляксандра Лукашэнкі па дазвол быць высланым за межы Беларусі на ўзор дысыдэнтаў савецкага часу.
У пісьмовым звароце спадар Белязека абгрунтаваў сваё рашэньне тым, што ў Беларусі парушаюцца ягоныя грамадзянскія правы. У прыватнасьці, ён згадаў тое, што яго некалькі разоў затрымлівалі за ўдзел у апазыцыйных акцыях, а таксама праблемы з працаўладкаваньнем. Юрыст паводле адукацыі, ён ня можа ўладкавацца па спэцыяльнасьці і мусіць перабівацца выпадковымі заробкамі.

З адміністрацыі прэзыдэнта ліст Сяргея Белязекі скіравалі ў Міністэрства ўнутраных спраў. Начальнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі Аляксей Бягун адказаў заяўніку, што ў заканадаўстве Беларусі не прадугледжана адмова ад беларускага грамадзянства. Зь яго можна толькі выйсьці, атрымаўшы грамадзянства іншай краіны, або страціць — калі чалавек паступае на вайсковую службу ў замежжы або працуе ў органах бясьпекі ці юстыцыі іншай краіны.

Такіх пэрспэктываў Сяргей Белязека ня мае, а знайсьці годную працу ў Беларусі лічыць беспэрспэктыўным.