“Саюзная дзяржава”: праз 10 гадоў усё яшчэ ў праэкце

Belarus -- border with Russia, 1Oct2002

У Крамлі 8 сьнежня заплянаваныя ўрачыстасьці з нагоды 10-годзьдзя падпісаньня Дамовы пра стварэньне “саюзнай дзяржавы” Беларусі і Расеі. Юбілейныя мерапрыемствы ў Менску прызначаныя праз 10 дзён. І зусім не таму, што прэзыдэнт Беларусі можа быць заняты маскоўскімі ўрачыстасьцямі.

Сам беларускі кіраўнік, паводле ягонай прэс-службы, выказаў зьдзіўленьне з прычыны пераносу паседжаньня Вышэйшага дзяржаўнага савету “саюзнай дзяржавы” з 8 на 10 сьнежня, піша ВВС.

За 10 месяцаў крызіснага 2009 году таваразварот паміж Беларусьсю і Расеяй зьнізіўся амаль на 40%, адмоўнае для Беларусі сальда ў гандлі з саюзьнікам склала 8 мільёнаў даляраў.

Аналітыкі нагадваюць пра шэраг гандлёвых войнаў, нежаданьне Расеі ўключыць стратэгічныя для беларускай эканомікі тавары з сыстэму расейскіх дзяржаўных закупак, спрэчках пра цану на газ і мыта на нафту.

Пры гэтым незалежныя экспэрты падкрэсьліваюць: беларуская эканоміка пры гэтым актыўна выкарыстоўвае расейскія ільготы і крэдыты. Расея пэрыядычна патрабуе “заплаціць па рахунках”. Заявы пра тое, хто, каму, за што і колькі вінен Масква і Менск агучваюць на працягу апошніх пяці гадоў ва ўсё больш частых канфліктных сытуацыях.

Рэакцыя на такія “ падлікі” збліжае ў ацэнках беларускую ўладу і апазыцыю: Крэмль не хавае мэты інкарпарацыі Беларусі, замахваецца на сувэрэнітэт “саюзьніка”, -- усё часьцей папярэджваюць у Менску.

Абывацель на “саюзную барацьбу” рэагуе паводле прынцыпу “свая кашуля бліжэй да цела”. Аналітыкі адзначаюць рост крытычных настрояў у дачыненьні да “саюзьніка” ў пэрыяды расейска-беларускіх энэргетычных і гандлёвых канфліктаў. Сацыёлягі сьцьвярджаюць, што ў Беларусі становіцца ўсё менш людзей, гатовых будаваць з Расеяй саюзную дзяржаву.

У “саюзнай дзяржавы” Беларусі і Расеі няма заплянаванай адзінай валюты, адзінага эмісійнага цэнтру, наддзяржаўных органаў і міждзяржаўнага зводу законаў, які ўжо даўно не называюць саюзнай Канстытуцыяй, але яшчэ называюць Канстытуцыйным актам, піша ВВС.