СГА: пра Мытны саюз ведаем толькі з газэтаў

Дырэктар дэпартамэнту па ўступленьні новых чальцоў Сусьветнай гандлёвай арганізацыі Чыеду Асакуэ зьняпраўдзіў заяву ачольніка агульнай перамоўнай групы Беларусі, Расеі і Казахстану Максіма Мядведкава аб тым, што беларуская заяўка блякавалася з палітычных прычынаў. Ён дадаў, што ў выніку рашэньня аб уступленьні ў СГА Мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстану перамовы перапыніліся акурат у той момант, калі ў працэсе асобнага ўступленьня Беларусі ў арганізацыю назначыўся істотны прагрэс.

Сёньня другі дзень працы міністэрскай канфэрэнцыі Сусьветнай гандлёвай арганізацыі ў Жэнэве. Сёньняшні дзень, як і ўчорашні, быў прысьвечаны так званаму раўнду Дохі – перамоўнаму працэсу аб рэформе арганізацыі, які доўжыцца ўжо 8 гадоў. Гарачыя спрэчкі разгарнуліся вакол далейшых скасаваньняў датацыяў і ўключэньня ў правілы арганізацыі палажэньняў аб стымуляваньні вытворцаў, якія менш забруджваюць навакольнае асяродзьдзе.

А ў кулюарах тым часам працягваюцца кансультацыі аб уступленьні краінаў Мытнага саюзу ў СГА. Па гэтым пытаньні адбылася кароткая сустрэча гандлёвага прадстаўніка ЗША Рона Кэрка зь міністрам эканамічнага разьвіцьця Расеі Эльвірай Набіулінай. Ніякіх новых дамоўленасьцяў, аднак, дасягнута не было.

На тэму ўступленьня ў СГА я сёньня пагутарыў у кулюарах з дырэктарам дэпартамэнту Сусьветнай гандлёвай арганізацыі ў пытаньнях прыняцьця новых чальцоў Чыеду Асакуэ.

Справіліся б і самі?

Асакуэ зьняпраўдзіў заяву ачольніка агульнай перамоўнай групы Беларусі, Расеі і Казахстану Максіма Мядведкава аб тым, што беларуская заяўка блякавалася з палітычных прычынаў. Чыноўнік пацьвердзіў, што на сёньняшні дзень Беларусь падпісала амаль палову ад патрэбных для ўступленьня двухбаковых пагадненьняў з чальцамі арганізацыі.

Ён таксама паведаміў, што за некалькі дзён да заявы аб спыненьні асобных перамоваў трох краінаў аб уступленьні Беларусь прапанавала пакет саступак у галіне доступу на свой рынак, якія атрымалі высокую ацэнку з боку чальцоў СГА. Кансультацыя па гэтым пытаньні прайшла 5-га чэрвеня, а 9-га перамовы былі спыненыя і не аднаўляліся дагэтуль.

У нефармальных размовах з прадстаўнікамі дэлегацыяў мне патлумачылі, што ў выпадку, калі б Беларусь уступіла ў арганізацыю раней за Расею, яна б атрымала доступ да расейскай рабочай групы, і адпаведна магла б дыктаваць Маскве свае ўмовы ўступленьня.

За шэсьць месяцаў – аніводнага зруху

Чыеду Асакуэ выказаў заклапочанасьць тым, што працэс стаіць на мёртвым пункце ўжо паўгоду. Краіны рабочай групы па ўступленьні дагэтуль ня ведаюць, ці прыйдзецца ім пачынаць з нуля працэс аб папярэдніх дамоўленасьцях з краінамі Мытнага саюзу. Паводле спадара Асакуэ, на сёньняшні дзень у СГА не паступала ніякай інфармацыі пра Мытны саюз і яго новыя правілы. "Адзіная інфармацыя, якая ў нас ёсьць наконт гэтага, – толькі з паведамленьняў прэсы", – сказаў дырэктар дэпартамэнту Сусьветнай гандлёвай арганізацыі.

Наагул, у кулюарах, сярод прысутных урадоўцаў і чыноўнікаў СГА дамінуе меркаваньне, што перамоўцы ад краінаў Мытнага саюзу самі ня ведаюць, якімі будуць умовы гэтага саюзу.

Расея ніколі не мяняла намеру ўступаць разам

Дырэктар дэпартамэнту ў пытаньнях прыняцьця новых чальцоў, аднак, пацьвердзіў учорашнюю заяву “Свабодзе” Максіма Мядведкава аб тым, што ад пачатку перамоваў аб уступленьні трох краінаў у арганізацыю Мытным саюзам Расея ніводнага разу не згадвала магчымасьці аднаўленьня свайго асобнага ўступленьня ў СГА. Паводле Асакуэ, на апошніх кансультацыях гаварылася пра магчымасьць юрыдычнага афармленьня ўступленьня краінаў паасобку, аднак падкрэсьлівалася, што ўступленьне ўсё роўна адбудзецца адначасова.

СГА: уступаць можаце разам, але прымаць будзем паасобку

Асакуэ пры гэтым падкрэсьліў, што гэта ня проста юрыдычная фармулёўка. Па яго словах, ідэя аб тым, што адна з краінаў можа неяк праскочыць у арганізацыю, абмінуўшы пэўныя патрабаваньні дзякуючы Мытнаму саюзу, беспадстаўная, паколькі пытаньне аб уступленьні кожнай з краінаў у арганізацыю будзе разглядацца выключна ў рамках індывідуальных працоўных групаў і на аснове папярэдніх прапановаў.