Вячорка: гэта не азначае зьмены палітыкі ЗША адносна Беларусі

Вінцук Вячорка

Міністэрства фінансаў ЗША чарговы раз падоўжыла дзеяньне пастановы аб зьмякчэньні санкцыяў да двух прадпрыемстваў канцэрну “Белнафтахім” – ААТ "Лакафарба" і "Полацк-Шкловалакно" да 31 траўня 2010 года.
Паводле сябра Партыі БНФ Вінцука Вячоркі, тое, што гэта зроблена ўсьлед за рашэньнем ЭЗ адносна візавых санкцый, не азначае зьменаў палітыкі ЗША адносна Беларусі.

“Санкцыі былі зьмякчаныя ў сувязі з канкрэтнай сытуацыяй, выкананьнем канкрэтнага патрабаваньня вызваленьня Казуліна, Кіма, Парсюкевіча. І таксама пазьнейшага патрабаваньня вызваліць адваката Зэльцэра. Разам з тым усе тыя пункты, як палітычныя так і практычныя, “Акту аб дэмакратыі ў Беларусі” захоўваюць сваю моц. І зьмякчэньне не азначае адмену. У гэтым мы з Лявонам Баршчэўскім пераканаліся, калі тыдзень таму наведвалі ЗША. У прынцыпе, усе людзі адказныя за Эўропу ў Дзяржаўным дэпартамэнце і ў Нацыянальнай радзе бясьпекі, і тыя, якія фармулююць замежную палітыку ў кангрэсе – усе ў адзін голас цьвердзілі, што нягледзячы на зьмену адміністрацыі ў Белым доме, “Акт аб дэмакратыі” – гэта двухпартыйны дакумэнт і лінія будзе працягвацца. І гэтая лінія адрозьніваецца ад эўрапейскай лініі, хаця было б пажадана, каб яны былі паяднаныя зноў. Але ЗША будуць весьці сваю лінію. Гэта лінія абумоўленая адрозна ад цяперашняй эўрапейкай. Гэта значыць, што Менску ставяцца ўмовы”.