Канстытуцыйны суд Расеі забараніў сьмяротную кару

Канстытуцыйны суд Расеі забараніў выкарыстаньне сьмяротнага пакараньня ў краіне пасьля 1 студзеня 2010 году.
Паведамляецца, што сёньняшняя пастанова не падаўжае мараторыю на сьмяротнае пакараньне, а ўводзіць забарону на яго выкарыстаньне ўвогуле.

Мараторый на сьмяротную кару ў Расеі быў уведзены 10 гадоў назад. Пасьля ўступленьня ў Раду Эўропы ў 1996 годзе Расея абавязалася адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.

На сёньняшні дзень Беларусь застаецца адзінай у Эўропе краінаю, дзе выкарыстоўваецца сьмяротнае пакараньне. Рада Эўропы і іншыя міжнародныя структуры шматразова патрабавалі ад Беларусі адмены сьмяротнага пакараньня або мараторыю на яго выкарыстаньне. Пры выкананьні гэтага патрабаваньня паабяцана разгледзець магчымасьць вяртаньня Беларусі статусу спэцыяльна запрошанага ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы.

Паводле незалежных крыніц, з 1997 году ў Беларусі было пакарана сьмерцю больш за 160 чалавек. Дакладна вядома толькі пра адзін выпадак, калі Аляксандар Лукашэнка памілаваў асуджанага на сьмерць.