Справаздача ад беларускіх удзельнікаў брусэльскага форуму

Міжнародны кансорцыюм “ЭўраБеларусь” наладзіць 19-га лістапада “круглы стол”, падчас якога будуць падсумаваныя вынікі І Форуму Грамадзянскай супольнасьці ў Брусэлі 16-17 лістапада.
Для ўдзелу ў мерапрыемстве запрошаныя беларускія дэлегаты форуму, экспэрты ў галіне палітыкі і міжнародных адносінаў, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасьці, а таксама зацікаўленых дзяржаўных устаноў і грамадзкіх аб’яднаньняў, прадстаўнікі эўраструктураў, што дзейнічаюць на тэрыторыі Беларусі.

Як паведамляецца ў распаўсюджаным сёньня прэс-рэлізе кансорцыюму “ЭўраБеларусь”, Форум грамадзянскай супольнасьці – мэханізм, які мае садзейнічаць разьвіцьцю супрацоўніцтва паміж арганізацыямі грамадзянскай супольнасьці ў краінах, запрошаных да ўдзелу ў праграме Эўразьвязу “Усходняга партнэрства”, аказваць тэхнічную дапамогу праектам гэтай праграмы на двухбаковым і шматбаковым узроўні і прасоўваньню ў краінах-партнэрах прынцыпаў і каштоўнасьцяў Эўрапейскай палітыкі добрасуседзтва.

Форум грамадзянскай супольнасьці 16-17 лістапада ў Брусэлі становіцца бліжэйшай кропкай, дзе вырашаецца пытаньне ня толькі адносна самой грамадзянскай супольнасьці, але і адносна ўсёй ініцыятывы “Усходняга партнэрства”. З тых рашэньняў і дзеяньняў, якія павінны акрэсьліць вобраз “Усходняга партнэрства” на наступны аглядны пэрыяд, арганізацыя Форума грамадзянскай супольнасьці можа мець самастойнае значэньне для разьвіцьця Беларусі.