Візавыя санкцыі абмяркоўваць ня будуць

Паводле карэспандэнта Радыё Свабода ў Брусэлі, рашэньне па візавых санкцыях супраць беларускіх афіцыйных асобаў было прынятае раней, на ўзроўні амбасадараў краінаў Эўразьвязу, і падчас сустрэчы міністраў замежных справаў ЭЗ 16 і 17 лістапада ня будзе ўвогуле абмяркоўвацца.
Наш карэспандэнт паведамляе, што афіцыйнае рашэньне Эўразьвязу па санкцыях супраць Беларусі — працяг санкцый і працяг іх прыпыненьня — будзе агучанае на выніковай прэс-канфэрэнцыі Рады Эўразьвязу 17 лістапада.

Падрабязнасьці чытайце на нашым сайце пазьней.

Напярэдадні, у часе Эўрапейскага форуму ў Менску Яцэк Пратасевіч паказаў праект рашэньня адносна візавых абмежаваньняў беларускіх чыноўнікаў. Ён сказаў, што міністры замежных спраў 27 краін Эўразьвязу папярэдне прыйшлі да наступнага варыянту:

“Гэта выглядае так. Візавыя абмежаваньні будуць падоўжаныя яшчэ на адзін год — да кастрычніка 2010 году. Але ў той жа час дзеяньне гэтага рашэньня будзе прыпыненае на больш кароткі пэрыяд — на 6 месяцаў. Гэта зроблена для таго, каб адчыніць вакно беларускім уладам, паглядзець, наколькі яны скарыстаюцца гэтымі магчымасьцямі для дэмакратызацыі краіны.

І для Эўразьвязу адным з галоўнейшых крытэраў зьменаў у Беларусі стануць зьмены ў выбарчым заканадаўстве”.