Лукашэнка пахваліў рэлігійнае заканадаўства

Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з прадстаўнікамі розных канфэсій — удзельнікамі міжнароднай канфэрэнцыі “Хрысьціянска-юдэйскі дыялёг: рэлігійныя каштоўнасьці як глеба ўзаемапавагі ў грамадзтве ва ўмовах глябальнага эканамічнага крызісу”.
На сустрэчы Аляксандар Лукашэнка заявіў пра неабходнасьць разьвіваць міжканфэсійны дыялёг і зазначыў, што “рэлігійная нецярпімасьць, ксэнафобія і агрэсіўны нацыяналізм сёньня рэальна пагражаюць стабільнасьці ўсёй нашай плянэты”.

Мадэль адносінаў улады і царквы ў Беларусі Аляксандар Лукашэнка назваў “унікальнай” і адзначыў: “Нашы законы не дазваляюць ніякай дыскрымінацыі паводле расавых, нацыянальных і рэлігійных прыкметаў”.

Юрыст царквы “Новае жыцьцё” Сяргей Луканін гэтак пракамэнтаваў заяву Аляксандра Лукашэнкі адносна роўнасьці ўсіх перад рэлігійным законам:

Сяргей Луканін
“Наконт таго, што нашы законы адпавядаюць усім міжнародным стандартам і не парушаюць правы вернікаў — гэта, мякка кажучы, не зусім так. Прыкладам, ужо ў прэамбуле “Закону аб свабодзе сумленьня і рэлігійных арганізацыях” ёсьць пералік тых канфэсій, якія там значацца як традыцыйныя ў Беларусі. Паводле духу закону гэта значыць, што яны маюць перавагу над іншымі канфэсіямі. У гэты пералік не ўваходзяць эвангельскія цэрквы. А мы, эвангельскія хрысьціяне, адчуваем гэта на сабе, — гэтую дыскрымінацыю. Нам не дазваляюць рабіць тое, што дазваляюць іншым канфэсіям. Прыкладам, амаль немагчыма зарэгістраваць новую суполку, немагчыма суполцы набыць рэлігійны будынак. Між тым гэтым пасьпяхова займаюцца іншыя канфэсіі”.