Галадоўніка А.Бандарэнку паклалі ў турэмны шпіталь

Андрэй Бандарэнка

З 19-га кастрычніка працягвае галадоўку прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка. Ён пратэстуе супроць прысуду, вынесенага Першамайскім раённым судом Менску.
Нагадаю, прадпрымальніка, былога актывіста АГП Бандарэнку суд прызнаў вінаватым ў крадзяжы маёмасьці фірмы і асудзіў на 7 гадоў зьняволеньня з канфіскацыяй маёмасьці. Паводле адваката Зьмітра Лаеўскага, стан здароўя ягонага падабароннага Андрэя Бандарэнкі значна пагоршыўся.

“Мы бачыліся зь ім два дні таму, ён пачуваўся дрэнна. З таго часу, відаць, яму стала яшчэ горш, і таму яго паклалі ў рэспубліканскі турэмны шпіталь на вуліцы Кальварыйскай. Зараз я раблю захады, каб тэрмінова зь ім пабачыцца”, — паведаміў “Свабодзе” адвакат Зьміцер Лаеўскі.

Прадпрымальнік Андрэй Бандарэнка летась удзельнічаў у выбарах у палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, але ня быў абраны. Актывіст АГП спрабаваў аспрэчыць вынікі выбараў, і знаёмыя ва ўладзе папярэдзілі яго пра магчымыя дрэнныя наступствы, не спыніў спробаў адстояць сваю пазыцыю. Праз пэўны час супроць Андрэя Бандарэнкі завялі крымінальную справу, на пачатку кастрычніка прадпрымальнік быў асуджаны.