Украіна і Беларусь папросяць у Эўропы крэдыт на аўтадарогу Менск-Кіеў

Украіна і Беларусь маюць намер зьвярнуцца да эўрапейскіх структураў з просьбай пра вылучэньне ім крэдыту для рэалізацыі праекту будаўніцтва аўтадарогі Менск-Кіеў у рамках супрацоўніцтва «Ўсходняе партнэрства».

Пра гэта прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка паведаміў падчас сумеснай прэс-канфэрэнцыі з прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам ў Кіеве ў чацьвер.

Юшчанка паведаміў, што бакі маюць намер удзельнічаць у сумесных праектах, і адзін з гэтых праектаў – будаўніцтва аўтадарогі Менск-Кіеў.

«Мы маем намер зьвярнуцца да эўрапейскіх структураў пра вылучэньне фінансавага крэдыту для рэалізацыі праекту дарогі Менск-Кіеў», цытуе прэзыдэнта Украіны агенцтва «Інтэрфакс-Украіна».

Пры гэтым Лукашэнка адзначыў, што калі не атрымаецца знайсьці фінансавую падтрымку ў Эўропе, то Ўкраіна і Беларусь знойдуць сілы і магчымасьці і ажыцьцявяць гэты праект уласнымі сіламі.