Драгічын: “Пра грып ва Ўкраіне нам больш вядома…”

На гэтым тыдні будзе 9 дзён, як памерла жыхарка Драгічына Лідзія Коршун — першая ахвяра сьвінога грыпу ў Беларусі. Удакладняецца таксама, што 37-гадовая жанчына наведвала Ўкраіну і нібыта там заразілася.

Тым часам у Драгічыне на сёньня ўжо больш як 400 чалавек зьвярнуліся па лекарскую дапамогу.

У Драгічыне, гарадку малым і аддаленым ад сталіцы, ёсьць цяпер нават сваё грамадзкае тэлебачаньне. Яго рэдактар Сяргей Паўловіч кажа, што толькі ў выніковай інфармацыйнай праграме па выніках бягучага тыдня будзе перадача пра прычыны сьмерці 37-гадовай настаўніцы:

“Гэта будзе камэнтар галоўнага санітарнага ўрача раёну і галоўнага ўрача цэнтральнай раённай бальніцы Пратасевіча”.

Пытаюся, ці не задоўга рыхтаваліся чыноўнікі мясцовай мэдыцыны да свайго выступу? І як самі людзі рэагуюць на пагрозы жыцьцю ад так званага сьвінога грыпу? Суразмоўца адказвае, што рэакцыя — на мяжы панікі:

“Дастаткова паглядзець на велічэзныя чэргі ў нашых мясцовых аптэках”.

У Беларусі і так шмат розных хваробаў бяз грыпу. Шмат людзей ад іх паміраюць і нават ня ведаюць, з-за чаго паміраюць…
Далей гаворыць спадарыня Алена, якая працавала разам зь Лідзіяй Коршун:

“А ці ўсё трэба людзям казаць? Навошта? Лепш няхай яны жывуць у супакоі. Няхай сапраўды думаюць, што ў нас усё добра. Быў жа курыны грып, і яшчэ нейкі прыдумаюць. Навошта? У Беларусі і так шмат розных хваробаў бяз грыпу. Шмат людзей ад іх паміраюць і нават ня ведаюць, з-за чаго паміраюць…”

Гэтымі днямі дыягназ сэзоннага грыпу паставілі жыхарцы Драгічына Вользе. Размаўляем зь ёй:

“Як чуеце, у мяне сеў голас. Я дрэнна размаўляю. Але спадзяюся, што ўсё будзе добра. Магчыма, што ўжо заўтра мне закрыюць лісток непрацаздольнасьці”.

Цікаўлюся, ці верыць жанчына заявам розных беларускіх чыноўнікаў, што ў краіне няма эпідэміі грыпу?

“Хто ж ведае, што ёсьць эпідэмія грыпу? Гэта, можа, толькі пачатак, а эпідэміі яшчэ няма? Але ж калі людзі паміраюць… і нават спраўдзілі ў Драгічыне сьмерць ад сьвінога грыпу… то чаго нам чакаць, ніхто ня ведае”.

Драгічынскі грамадзкі актывіст Уладзімер Казека тлумачыць, чаму чыноўнікі замоўчваюць цяперашнія пагрозы жыцьцю насельніцтва:

“Гэта тычыцца ня толькі праблемы грыпу. Мясцовыя чыноўнікі зазіраюць у рот вышэйшаму начальству. А тое чынавенства глядзіць яшчэ далей. Таму мы больш ведаем, што адбываецца, напрыклад, цяпер ва Ўкраіне, чым тое, што робіцца тут, пад бокам”.