Беларусь гатовая да ўвядзеньня 4G

Кіраўнік беларускага мабільнага апэратара life:) не выключае, што Беларусь можа стаць першай краінай, дзе будзе запушчаная мабільная сувязь чацьвёртага пакаленьня.

Выступаючы сёньня на прэс-канфэрэнцыі Азджан Эрміш, генэральны дырэктар ЗАТ "БеСТ", якому належыць гандлёвая марка life:), сказаў, што ужо праз 3-4 гады ў розных краінах сьвету пачнецца ўкараненьне мабільнай сувязі чацьвёртага пакаленьня. "Наша інфраструктура адаптавана да 4G-тэхналогіяў, таму для пераходу на новую плятформу досыць будзе зрабіць абнаўленьне сыстэмы без неабходнасьці ўсталёўваць дадатковае абсталяваньне. І тады Беларусь можа стаць першай у сьвеце краінай, якая ўкараніла мабільную сувязь 4G", – цытуе словы Эрміша агенцтва БЕЛТА.

Па словах кіраўніка life:), зараз ідзе актыўнае падключэньне беларускіх абанэнтаў да паслугі хуткаснага мабільнага доступу ў Інтэрнэт. Да канца гэтага году мабільны апэратар плянуе падключыць 50 тыс. карыстальнікаў. "Цікавасьць беларусаў да 3G апынулася на 25-30% вышэй, чым чакалася", – сказаў Азджан Эрміш.

На сёньня ў сьвеце існуе дзьве асноўныя тэхналёгіі сувязі чацьвёртага пакаленьня: HSPA+ і LTE. У адрозьненьне ад LTE, дзе патрабуюцца сур'ёзныя зьмены як на ўзроўні радыёдоступу, так і ў сетцы камутацыі, тэхналёгія HSPA+ забясьпечвае зваротную сумяшчальнасьць з тэрміналамі (тэлефонамі і мадэмамі 3G). Таму ня дзіўна, што life:), які ўжо прапануе паслугі ў стандарце 3G, цалкам гатовы да апгрэйду свайго абсталяваньня да наступнага пакаленьня. Для таго, каб перайсьці да 4G фактычна спатрэбіцца толькі рашэньне адпаведных дзяржаўны органаў па выдзяленьні неабходных для гэтага частот.