Сьвіны грып: лекаў у аптэках не хапае

У Беларусі працягваецца рост вострых рэсьпіраторных захворваньняў і захворваньняў на грып, у тым ліку A/H1N1. Паводле афіцыйнай інфармацыі Міністэрства аховы здароўя, на пятніцу, 30 кастрычніка, зафіксавана 38 выпадкаў захворваньня на сьвіны грып. Да нядзелі, 1 лістапада, на грып A/H1N1 захварэў яшчэ 21 чалавек — агулам 59 выпадкаў. Адначасна ў аптэках не хапае неабходных лекаў, а паліклінікі спыняюць вакцынацыю супраць грыпу.

У Міністэрстве аховы здароўя паведамляюць, што праграма імунапрафіляктыкі грыпу была прынятая яшчэ ў чэрвені. З 14 кастрычніка працуе праграма ўзмоцненых захадаў, зараз стварылі адмысловую працоўную групу, а таму падставаў для хваляваньня няма, заявіў кіраўнік працоўнай групы, першы намесьнік міністра Робэрт Часнойць:

“Асаблівых сытуацый ці момантаў ніякіх не існуе. Для нас гэта звычайны працэс, зь якім мы спатыкаемся практычна штогод. У нашых аптэках і дзяржаўнай, і недзяржаўнай формы ўласнасьці ёсьць неабходны запас і антыбіётыкаў, і супрацьмікробных, і ўсіх іншых лекаў, якія неабходныя. Так, вядома, колькасьць зваротаў у паліклінікі павялічылася. Мы гэта прагназавалі і да гэтага гатовыя”.

Аналягічныя заявы з вуснаў галоўнага санітарнага ўрача Валянціны Качан у нядзелю распаўсюдзілі дзяржаўныя мэдыі. Чыноўніца таксама заявіла, што найбольш эфэктыўны прэпарат супраць сьвінога грыпу — беларускі “Арпітол”. Пра наяўнасьць неабходных лекаў цікаўлюся ў аптэцы, якая месьціцца ў менскім унівэрмагу “ЦУМ”:

“Усё разабралі. Толькі “Тэрафлю”, “Колдрэкс” у пакетах. Сёньня будзе паступленьне гадзіне а 17—18 — ня ведаю калі, але досыць мала. Гэта ня мы не замаўлялі — на складзе няма”.

Пра частковую адсутнасьць лекаў паведамілі ў некалькіх аптэках “Белфармацыі” і некаторых недзяржаўных аптэках. Дарэшты раскупілі павязкі на твар. Тым часам чыноўнікі Міністэрства аховы здароўя таксама сьцьвярджаюць, што ў Беларусі дастатковая колькасьць супрацьгрыпознай вакцыны і, што вакцынацыя пасьпяхова працягваецца. Аднак вось што паведамілі ў камэрцыйным мэдычным цэнтры “Лодэ”:

“У нас вакцына скончылася. Чакаем новую пастаўку, але ня ведаем, калі будзе. Тэлефануйце напрыканцы тыдня. Была француская вакцына коштам 59.060 рублёў”.

У дзяржаўнай паліклініцы № 11 паведамілі, што робяць платныя прышчэпкі вакцынай расейскай вытворчасьці. У амбуляторыі № 2 заявілі, што зь пятніцы вакцынацыю спынілі цалкам — нібыта з-за пачатку эпідэміі грыпу. Пракамэнтаваць сытуацыю першы намесьнік міністра і кіраўнік працоўнай групы Робэрт Часнойць адмовіўся, перанакіраваўшы пытаньне сваім падначаленым. Але гэтых ніжэйшых рангам чыноўнікаў цягам дня ў сваіх кабінэтах не было. Прэсавая сакратарка Вольга Шульгіна выказала меркаваньне:

“Сёньня ж разьбіраюцца з усім гэтым… Будуць глядзець, колькі зваротаў будзе: калі за сёньняшні дзень павялічыцца, то будуць глядзець па сытуацыі..”

Тым часам лекары заяўляюць, што ў шпіталі працягваюць паступаць хворыя на вострую пнэўманію. Лекар аднаго зь менскіх шпіталяў Мікалай кажа, што зараз найлепшым сродкам супраць грыпу можа стаць прышчэпка, а ня лекі, якія зараз рэклямуюць, у тым ліку і беларускі “Арпітол”:

“Ёсьць дзьве групы супрацьвірусных прэпаратаў, якія дзейнічаюць на грып. Першая — рэмантадын і аналягі, больш эфэктыўная — таміфлю. Ёсьць яшчэ занамізір, якога ў Беларусі няма як прэпарата. Акрамя гэтых дзьвюх клясаў прэпаратаў доказных зьвестак, што штосьці іншае ўплывае на грып, няма. Што могуць зрабіць людзі найперш — гэта прышчэпку. Гэтым усім трэба займацца, таму зараз мэдыцына працуе ў крыху напружаным рэжыме”.

Каб прадухіліць распаўсюджваньне грыпу, у Менску і іншых гарадах на тыдзень падоўжылі школьныя вакацыі. Адмяняюцца заняткі ў пазашкольных цэнтрах і гуртках. Тым часам на афіцыйным сайце Міністэрства аховы здароўя апошнія зьвесткі пра сытуацыю з грыпам датуюцца 18 кастрычніка. Пра грып тыпу A/H1N1 па-ранейшаму нічога не паведамляецца.

Тымчасам, у ноч з 1 на 2 лістапада ва Ўкраіну прыляцеў самалёт са Швэйцарыі, на борце якога — 300 тысяч пакункаў лекаў “Таміфлю”. Самалёт сустракалі прэм’ер-міністар Юлія Цімашэнка, кіраўніца сакратарыяту прэзыдэнта Ўкраіны Вера Ўльянчанка і міністар замежных спраў Пятро Парашэнка. Юлія Цімашэнка заявіла, што ўрад мае намер закупіць некалькі вялікіх партыяў “Таміфлю”. У прыватнасьці, чарговая партыя з 300 тысяч пакункаў будзе дастаўлена ва Ўкраіну на наступным тыдні. Ва Ўкраіне ад грыпу памерлі ўжо 64 чалавекі. Агульная колькасьць хворых дасягнула 191 тысячы чалавек. 7,5 тысяч чалавек шпіталізаваныя”.