Загіблыя польскія памежнікі былі зь Беластоку

Целы загіблых польскіх памежнікаў дастаўленыя зь месца катастрофы ў морг Берасьця. 2 лістапада можа адбыцца судова-мэдычная экспэртыза целаў.

Пра гэта “Свабодзе” паведаміў Віктар Тарасёнак зь Берасьцейскай транспартнай пракуратуры. Паводле пракурора, “прозьвішчы загіблых — Жукоўскі, Бартніцкі і Бязубік. Яны ўсе зь Беластоку”.

Сярод абломкаў верталёта знайшлі целы трох загіблых польскіх памежнікаў.

“Удар верталёта аб зямлю быў вельмі моцны, шанцаў выжыць у іх не было. Вэрсіі здарэньня пакуль называць рана — гэта пакажа сьледзтва, якое правядзе Беларуская транспартная пракуратура. Прадстаўнікі польскага боку ўжо прысутнічалі пра аглядзе месца здарэньня ў якасьці назіральнікаў”, — паведаміў пракурор Віктар Тарасёнак.

Верталёт польскай памежнай варты зьнік з радараў каля 20 гадзіны 31 кастрычніка.

У той жа дзень на просьбу польскага боку беларускія памежнікі падключыліся да пошукаў.

Раніцай 1 лістапада рэшткі польскага верталёта былі знойдзеныя менш як за 200 мэтраў ад беларуска-польскай мяжы непадалёк ад пасёлку Высокае Камянецкага раёну.

Да высьвятленьня прычын катастрофы ў Польшчы забаронены палёты ўсіх гелікоптэраў тыпу PZL Kania.