“Улада пераадольвае алергію на беларускасьць”

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Лукашэнка прыняў сёньня рашэньне пра тое, што выбарчае заканадаўства Беларусі будзе лібэралізавана. Пра гэта прэзыдэнт Беларусі заявіў пасьля сустрэчы з старшынёй ЦВК Лідзіяй Ярмошынай. Заяўлена, што Цэнтарвыбаркам унясе шэраг прапановаў, накіраваных на ўвасабленьне некаторых прапаноў АБСЭ і беларускіх палітычных партый. Ці могуць гэтыя зьмены рэальна прывесьці да лібэралізацыі выбарчага працэсу? Ці варта гэтую заяву Лукашэнкі паставіць у агульны шэраг з некаторымі апошнімі крокамі ўлады, такімі як беларусізацыя тэлебачаньня і ўказ аб кантрольнай дзейнасьці? На гэтыя пытаньні адказвае публіцыст Аляксандар Класкоўскі.
Цыганкоў: Тыя зьмены, якія, як паведаміў Лукашэнка, будуць унесеныя ў выбарчае заканадаўства — ці будуць гэта тыя перамены, якіх патрабуе апазыцыя і АБСЭ? Ці гэта зноў будзе лібэралізацыя з пункту гледжаньня ўлады — калі зьмены будуць неістотнымі і ніякім чынам не папсуюць адпрацаваны мэханізм элегантнага галасаваньня?

Класкоўскі: Калі казаць без залішняй дыпляматыі, то гэта проста пыл у вочы Эўропе. Гэта рэвэранс, невыпадкова зроблены напярэдадні паседжаньня Рады Эўразьвязу, якое адбудзецца ў лістападзе і будзе разглядаць пытаньне аб санкцыях супраць беларускіх чыноўнікаў. З паведамленьня прэсавай службы Лукашэнкі вынікае, што размова ідзе пра “дадатковую ахову скрыняў для галасаваньня, забесьпячэньне надзейнасьці датэрміновага галасаваньня і іншыя тэхнічныя моманты”.

Выбары па-ранейшаму застануцца “чорнай скрыняй” — невядома, што ўнутры, а на выхадзе чарговая “элегантная перамога”.
Ключавое слова тут — “тэхнічныя моманты”. Няма гаворкі пра партыйныя сьпісы, пра абавязковае вылучэньне сябраў партыяў у выбарчыя камісіі. Таму выбары па-ранейшаму застануцца “чорнай скрыняй” — невядома, што ўнутры, а на выхадзе чарговая “элегантная перамога”.

Сам Лукашэнка ўжо заяўляў, што пойдзе на наступныя прэзыдэнцкія выбары, і таму ён ня будзе мяняць тую сыстэму, што забясьпечвае яму “элегантныя перамогі”. Хаця пасьля 2011 году абставіны прымусяць яго весьці нейкую больш тонкую палітычную гульню

Цыганкоў: Ці можна сёньняшнюю заяву Лукашэнкі паставіць у нейкі выразны шэраг апошніх дзеяньняў улады? Тут можна назваць і беларусізацыі тэлебачаньня, і указ аб кантрольнай дзейнасьці.. Ці можна рызыкнуць гаварыць, што такім чынам неяк праглядаюцца контуры будучай выбарчай кампаніі Аляксандра Лукашэнкі?

Класкоўскі: Тут ня варта ўпадаць у нейкую эўфарыю, але агульнае ў гэтых кроках тое, што ўлады міжволі мусіць мяняцца і мімікрыраваць. Пакуль мы маем толькі мікрадозы саступак. Але важны сам трэнд, сама зьява. Па-першае, відавочна, што ўлада пахавала праект саюзнага будаўніцтва, яна сёньня баіцца Масквы і мусіць дыстанцыявацца ад яе — і таму ўжо пераадолела алергію на беларускасьць. У гэтым сэнсе адказы самога Лукашэнкі на пытаньні перапісу сымптаматычныя.

І тут той выпадак, калі кропля камень точыць. Літаральна ўчора амбасады эўрапейскія выслухоўвалі натацыі — маўляў, ніякіх саступак паводле апазыцыйных шпаргалак ня будзе — а сёньня зроблены рэвэранс у бок Эўропы. Так што Лукашэнка мусіць лавіраваць і пакрысе саступаць. З кожным такім крокам ўсё больш відавочна, што ягоная сыстэма ня вечная.