Ярашук: “Улада кажа дырэктарам — вы ніхто”

Аляксандар Ярашук

На думку старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, ад дырэктара “Беларуськалія” Андрэя Башуры пазбаўляліся нягодным чынам.
“Андрэй Башура зьяўляўся кіраўніком, які быў абсалютна на сваім месцы, які (я адказана пра гэта кажу) карыстаўся вялікай павагай і аўтарытэтам у калектыве, у тым ліку і з боку незалежнага прафсаюза. Гэта быў адказны, сумленны чалавек і самастойны кіраўнік. Але пазбаўляліся ад яго выключна нягодным чынам, ня так, як гэта заслугоўвае такі кіраўнік. Апошні кантракт, які зь ім заключылі, быў са зьдзеклівым запісам — там было запісана “да прызначэньня новага генэральнага дырэктара”.

Праблема ў тым, як улада ставіцца да такіх людзей, камандзіраў вытворчасьці. Яна падкрэсьлівае, што вы ніхто, які б узровень кіраваньня ня мелі — вы проста расходны матэрыял.

Наступным можа стаць хто заўгодна. Сыстэма ўсіх трымае ў страху, каб кожны ведаў, што ён у любы момант можа быць зьняты.