Нацбанк: банкаўская сыстэма пад пагрозай

Нацыянальны банк

Нацыянальны банк (НББ) заяўляе пра "значную пагрозу" бясьпекі банкаўскай сыстэмы краіны і чакае ад ураду неадкладных захадаў у справе стабілізацыі дзяржбанкаў.
З адпаведным лістом да прэм'ер-міністра Сяргея Сідорскага зьвярнуўся старшыня праўленьня НББ Пётар Пракаповіч, паведамляе крыніца Інтэрфаксу ў ворганах дзяржкіраваньня.

У НББ падкрэсьліваюць, што небясьпечная сытуацыя ў банкаўскім сэктары ёсьць наступствам крызісу ліквіднасьці ў дзяржаўных банках, які нарастае. Сытуацыя ускладняецца ростам праблемных крэдытаў, якія за студзень-жнівень вырасьлі ў 3,3 разы.

Крытычнае пагаршэньне ліквіднасьці дзяржбанкаў тлумачыцца высокай крэдытнай нагрузкай у межах фінансаваньня дзяржаўных праграмаў. Так, за студзень-ліпень 2009 дзяржбанкі павялічылі аб'ём крэдытаваньня дзяржпраграм у 1,4 разы ў параўнаньні з дакрызісных аналягічным пэрыядам 2008 года — да 6,76 трыльёнаў беларусіх рублёў.

Паводле суразмоўцы Інтэрфаксу, наступствам значных праблемаў зь ліквіднасьцю дзяржбанкаў стала павелічэньне затрымкаў падатковых сплатаў. Так, пры канцы верасьня — пачатку кастрычніка аб'ём затрыманых найбуйнейшым беларускім банкам — Беларусбанкам — падаткаў перавысіў 1 трыльнён беларускіх рублёў у дзень.

НББ чарговы раз прапануе ўраду зьнізіць патрабаваньні да дзяржаўных банкаў па фінансаваньні дзяржпраграмаў і перадаць гэтыя функцыі дзяржаўнаму агенцтву разьвіцьця, стварэньне якога таксама зьяўляецца адным з абавязацельстваў Беларусі перад МВФ.

Перадача агенцтву крэдытнага партфэля, створанага ў рамках фінансаваньня дзяржпраграмаў, дазволіць беларускім банкам "ачысьціць" свае балянсы, што павінна часткова выправіць сытуацыю зь іх ліквіднасьцю.

Альтэрнатывай дадзенай рэформе фінансаваньня дзяржпраграм зьяўляецца чарговая рэкапіталізацыя дзяржбанкаў за кошт бюджэту.