Маладафронтаўцаў аштрафавалі завочна

Акцыя на плошчы Незалежнасьці “Камунізм — гэта фашызм”

Актывістку “Маладога Фронту“Ганну Бунько аштрафавалі на 175 тысяч рублёў за флэшмоб, прымеркаваны да 70-й гадавіны падпісаньня Пакта Молатава-Рыбэнтропа.
23 жніўня Ганна Бунько й Мікола Дземідзенка былі затрыманы супрацоўнікамі Маскоўскага РАЎС Менска за тое, што прымацавалі каляровую карыкатуру “Камунізм = фашызм” на помнік Леніну, а таксама раздавалі інфармацыйныя ўлёткі.

Сёньня Ганна Бунько атрымала пастанову адміністрацыйнай камісіі за подпісам старшыні камісіі Быкоўскай А.П. з паведамленьнем пра штраф: камісія палічыла дзеяньні Бунько адпаведнымі ч.2 арт. 21.14 КОАП — “парушэньне правілаў уладкаваньня населеных пунктаў” і прысудзіла моладзевую актывістку да спагнаньня ў 175 тысяч рублёў.

Сама Ганна Бунько не прысутнічала па прычыне таго, што ёй папросту не паведамілі дату разгляду яе справы: “Зараз я нават абскардзіць прысуд не пасьпею, бо ў пастанове зазначана: камісія адбылася 1 кастрычніка — папера йшла па горадзе фактычна тыдзень. Тэрмін жа абскарджваньня спагнаньня — 10 дзён”, сказала Ганна Бунько.

Пра пакараньне Міколе Дземідзенку на гэты момант нічога невядома. Магчыма, адпаведныя паперы яшчэ на шляху да адрасата.