ЭЗ мяркуе выдзеліць Беларусі 20 мільёнаў эўра

Сёньня Палата Прадстаўнікоў ратыфікавала рамачнае пагадненьне паміж урадам Беларусі і Камісіяй эўрапейскім супольнасьцяў.
За гэта прагаласавалі ўсе 98 дэпутатаў, якія бралі ўдзел у паседжаньні.

Яго прыняцьце зьвязана з тым, што ЭЗ замест праграмы TACIS увёў эўрапейскі інструмэнт добрасуседзтва і партнэрства. Цягам 2007-2010 гадоў па гэтым інструмэнце ЭЗ мяркуе выдзеліць Беларусі 20 мільёнаў эўра. Як адзначыў намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Сяргей Алейнік, гэтыя грошы пойдуць толькі на тыя праграмы і праекты, якія ўзгоднены з урадам Беларусі.

Ён сказаў, што па ўзаемнай дамоўленасьці з Эўракамісіяй, для Беларусі вызначаны тры прыярытэты: энэргетыка, прыродаахоўная дзейнасьць і стандартызацыя. Спадар Алейнік таксама адзначыў, што ЭЗ зьяўляецца найбуйнейшым донарам Беларусі ў галіне тэхнічнай дапамогі. Так, па праграме TACIS у Беларусі было ажыцьцёўлена 320 праектаў на агульную суму больш за 200 мільёнаў эўра.