Прадпрымальнікі просяць Ломаця

Уладзімер Карагін

Рэспубліканская канфэдэрацыя прадпрымальніцтва і Менскі сталічны саюз прадпрымальнікаў і працадаўцаў зьвярнуліся да старшыні Камітэту дзяржкантролю Зянона Ломаця з просьбай “узмацніць кантроль за законнасьцю праверак з боку падатковых ды іншых кантрольных органаў”.
Старшыня прэзыдыюму Менскага саюзу прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін паведаміў “Свабодзе”, што гэты ліст зьявіўся невыпадкова:

“Мы праводзілі ўчора сэлектарную нараду рэгіянальных бізнэс-асацыяцый з усёй Беларусі. І яе ўдзельнікі прыводзілі шматлікія факты пра тое, што апошнім часам значна павялічылася колькасьць самых розных праверак прадпрыемстваў малога і сярэдняга бізнэсу, а таксама індывідуальных прадпрымальнікаў. Да таго ж кантралёры часам не прытрымліваюцца этычных нормаў і неабходных працэдур праверкі.

Мы таксама лічым недапушчальнымі грубыя формы размоваў з прадпрымальнікамі, пагрозы і запалохваньне іх, ды іншыя формы ціску”.