У СГА прадказваюць праблемы для Расеі

Рашэньне Расеі ўступаць у Сусьветную гандлёвую арганізацыю разам зь Беларусьсю і Казахстанам значна ўскладніць працэс яе далучэньня да СГА. Такое меркаваньне выказаў генэральны дырэктар СГА Паскаль Лямі ў інтэрвію "New-York Times".

Паводле агенцтва БелаПАН, Паскаль Лямі лічыць, што "ў Масквы зьнікла энэргія да ўступленьня ў СГА, куды яна імкнулася апошнія 16 гадоў". Паводле Лямі, сьведчаньнем таму і зьяўляецца рашэньне аб сумесным уступленьні ў СГА. Аднак такое рашэньне ня мае прэцэдэнту і "значна ўскладніць уступленьне Расіі" ў арганізацыю, заявіў гендырэктар арганізацыі.

Заява аб уступленьні ў СГА адзіным мытным саюзам была падпісана прэм'ер-міністрамі Беларусі, Казахстану і Расеі 9 чэрвеня ў Маскве. Кіраўнікі ўрадаў абвясьцілі, што адмаўляюцца ад вядзеньня нацыянальных перамоў з СГА.

Нагадаем, тады ж, у чэрвені, Паскаль Лямі заявіў:

"Я зьбіты з панталыку, разгублены. Члены СГА пакуль ня ведаюць, якімі будуць наступныя крокі. Для членаў СГА цяпер час згуляць у сур'ёзны юрыдычны покер".

Аднак 11 жніўня першы віцэ-прэм'ер Расіі Ігар Шувалаў паведаміў журналістам: расійскаму боку ўдалося пераканаць структуры СГА ў тым, што пагадненьне аб арганізацыі дае магчымасьць групавога ўступленьня ў яе.

12 жніўня Беларусь, Казахстан і Расея сфармавалі адзіную перамоўную групу па далучэньні да СГА, якую ўзначаліў дырэктар дэпартамэнту гандлёвых перамоў Мінэканомразьвіцьця Расеі Максім Мядзьведкаў.