Сёньня — 20 гадоў адраджэньня Касьцёлу ў Беларусі

Касьцёл сьвятых Сымона і Алены ў Менску.

29 верасьня спаўняецца 20 гадоў адраджэньня дзейнасьці Каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, паведамляе інтэрнэт-сайт catholic.by.

Каля вытокаў гэтага аднаўленьня стаяў сёньняшні мітрапаліт менска-магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, якога 25 ліпеня 1989 года апостальская сталіца іменавала біскупам і прызначыла апостальскім адміністратарам Менскай дыяцэзіі для католікаў Беларусі.

За няпоўныя паўтара года біскупства Тадэвуша Кандрусевіча была заснаваная Гарадзенская вышэйшая духоўная сэмінарыя, адкрытыя 97 зачыненых касьцёлаў, распачалося выданьне рэлігійнай літаратуры па-беларуску. З 1991 да лістапада 2007 года Тадэвуш Кандрусевіч працаваў ў Маскве.

Таксама 29 верасьня Касьцёл у Беларусі адзначае важную дату — патранальную ўрачыстасьць сьвятога арханёла Міхала.