“Малады фронт” пачаў кампанію “За беларускую мову!”

Зьміцер Дашкевіч зьбірае подпісы на Прывакзальнай плошчы.

Актывісты “Маладога фронту” распачалі кампанію “За беларускую мову!” Яны зьбіраюць подпісы пад зваротам у дзяржаўныя інстытуты ўлады з патрабаваньнямі забясьпечыць беларускай мове фактычную роўнасьць з расейскай. У межах кампаніі будуць ладзіцца і іншыя імпрэзы.

У цэнтры Менску на Прывакзальнай плошчы некалькі актывістаў “Маладога фронту” прапаноўвалі мінакам паставіць свой подпіс і даць пашпартныя зьвесткі пад зваротам “За — беларускую мову!” Калі людзі даведваліся, зь якой мэтай іх спыняюць, то амаль усе пагаджаліся паставіць свой подпіс.

Старшаклясьнік: “Гэта цалкам справядліва. Калі б мяне бацькі, калі я быў маленькі, аддалі ў беларускамоўную школу, то я б пагадзіўся”.

Студэнт:“Я скончыў беларускамоўную школу ў Менскім раёне. Карыстаюся мовай зрэдку, калі карыстаюся кампутарам, каб яе не забываць. Я б хацеў, каб было больш беларускіх школ”.

Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч патлумачыў мэту акцыі:

“Мэта акцыі — паспрыяць беларусізацыі нашага грамадзтва, бо беларускай мове пагражае зьнікненьне. Кампанія „За — беларускую мову!“ у асноўным будзе адбывацца шляхам збору подпісаў. Мы плянуем сабраць ня менш за 50 тысяч, каб потым іх перадаць у міністэрствы адукацыі і культуры, Палату прадстаўнікоў, Савет міністраў, каб улада стварала беларускамоўныя школы, каб напачатку адкрыўся хаця б адзін беларускамоўны ўнівэрсытэт”.

Былі мінакі, якія спасылаліся на недахоп часу, але большасьць ахвотна падпісвалася пад зваротам.

Студэнтка: “Мы жывем у Беларусі, і нам усім неабходна беларуская мова, таму што гэта наша родная мова. Мы павінны на ёй размаўляць, а не па-расейску толькі з-за таго, што так заведзена”.

Карэспандэнтка: “А дзе вы вывучылі беларускую мову? З вамі бацькі размаўлялі?”

Студэнтка: “Не. Сама вывучыла. Хадзіла ў расейскую школу ў Глуску. Мае сябры размаўляюць па-расейску, але я магу і на той, і на той мове”.

Спадарыня: “Я з Гомельскай вобласьці. У нас у школе была беларуская мова, але не на тым узроўні, на якім хацелася б. У нас быў урок беларускай, але часта замянялі настаўнікі і не беларускай, а бібліятэкары і г.д. Беларуская мова лічыцца ў сучасных школах другасным прадметам. Насамрэч вучняў вучаць тым прадметам, якія больш неабходныя: матэматыка, фізыка, хімія і расейская мова”.

Студэнтка: “У мяне па-беларуску размаўляе ў асноўным бабуля. Я зь ёй — на „трасянцы“. Лічу, што шмат залежыць ад прэзыдэнта.
Усе сябры па-расейску гавораць, у інстытуце таксама. У нас на факультатыў па беларускай мове амаль ніхто ня ходзіць.
Калі прэзыдэнт не размаўляе, то й народ ня будзе размаўляць па-беларуску. Я зь беларускамоўнай школы. Я не магу размаўляць правільна па-беларуску. Ведаеце, чаму? Таму што патрэбныя навыкі, з часам забываецца. Я тры гады таму скончыла школу і забываю мову. Усе сябры па-расейску гавораць, у інстытуце таксама. У нас на факультатыў па беларускай мове амаль ніхто ня ходзіць”.

Спадарыня: “Калі-небудзь размаўляю. У мяне ёсьць некалькі сяброў, якія размаўляюць па-беларуску. У мяне быў расейскамоўны кляс. Але я самастойна вывучала мову, шмат чытала па-беларуску. Дзеці павінны самі выбіраць, на якой мове ім вучыцца і потым размаўляць. Ім павінны даваць мажлівасьць вывучаць сваю мову, а потым яны самі будуць вывучаць”.

Спадарыня: “Хацелася б ведаць беларускую мову. Ад нараджэньня чуеш толькі расейскую і на ёй жа й размаўляеш. Мы, беларусы, маем сваю мову, а самі яе й ня чуем. Цяжка будзе пераходзіць адразу на беларускую. Але дзецям трэба даваць беларускую”.

Студэнтка: “Я вывучаю беларускую мову ў пэдагагічным унівэрсытэце. Я выбрала прафэсію, якая мне падабаецца. Я фізык-матэматык. У мяне матэматыка на беларускай мове — матаналіз, альгебра і геамэтрыя. Я хачу, каб у школах дзеці вывучалі беларускую мову больш дакладна, каб школы былі з навучаньнем на беларускай мове”.

Паводле апошняга перапісу 75% грамадзянаў (у тым ліку 85% беларусаў) назвалі беларускую мову роднай, але яе ўжываньне ў дзяржаўных установах не адпавядае гэтым лічбам. Паводле ЮНЭСКО, беларускай мове пагражае зьнікненьне.

Наста Палажанка (справа)

Намесьніца Зьмітра Дашкевіча Наста Палажанка таксама зьбірала подпісы мінакоў:

“Насамрэч людзі ахвотна падпісваюцца, асабліва моладзь. Кажуць, што мелі б жаданьне размаўляць, калі б у свой час вучыліся па-беларуску. Таму спадзяемся на посьпех гэтай кампаніі”.