Чыноўніка дзяржкантролю пасадзілі за хабар

За 5 тысяч даляраў хабару віцебскі чыноўнік 10 год правядзе за кратамі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму і страціць усю маёмасьць — яна канфіскаваная на карысьць дзяржавы.
Апрача гэтага, суд Кастрычніцкага раёну пазбавіў былога начальніка папярэдняга расьсьледаваньня камітэту дзяржкантролю магчымасьці займаць высокія пасады ў праваахоўных органах цягам пяці год па вызваленьні.

Інцыдэнт, які стаў падставай для пакараньня, адбыўся амаль год таму — 14 лістапада 2008 году. Супрацоўнік дзяржкантролю атрымаў хабар памерам 5 тысяч даляраў за спрыяньне двум прыватным прадпрымальнікам — каб спыніць праверку іхнай фінансава-гаспадарчай дзейнасьці, а штрафы за знойдзеныя парушэньні спагнаць мінімальныя. Парушэньні тым часам былі такія маштабныя, што аднаму з прадпрымальнікаў пагражала крымінальная адказнасьць. Чыноўнік зь дзяржкантролю асуджаны за выкарыстаньне службовых паўнамоцтваў з мэтаю асабістага ўзбагачэньня.