Немцы пра візыт Геншэра ў Менск: “Гэта таямнічая паездка”

Ганс-Дытрых Геншэр

Нямецкая прэса па-ранейшаму абмінае маўчаньнем учорашні візыт у Беларусь колішняга кіраўніка нямецкага МЗС Ганса-Дытрыха Геншэра і ягоныя сустрэчы зь міністрам Сяргеем Мартынавым і беларускім прэзыдэнтам Аляксандрам Лукашэнкам.

Ніякіх тлумачэньняў не дае ні замежнапалітычнае ведамства Нямеччыны, ні офіс самога Геншэра, цяперашняга ганаровага старшыні партыі нямецкіх свабодных дэмакратаў.

Суразмоўцы “Свабоды” — вядомы нямецкі палітык і дыплямат Ганс-Георг Вік і аглядальнік нямецкага радыё Райнгард Лаўтэрбах — лічаць, што ў гэтага маўчаньня ёсьць пэўныя, аднак невядомыя, прычыны.

Ганс-Георг Вік: “На жаль, я нічога не знайшоў ні ў нямецкай, ні ў міжнароднай прэсе пра візыт, які ня мог ня выклікаць пэўнай цікаўнасьці сярод палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў як у Нямеччыне, так і ў Беларусі. Я азнаёміўся з афіцыйнай інфармацыяй беларускага боку. Аднак гэтага для мяне вельмі мала, каб камэнтаваць такую сустрэчу”.

Карэспандэнтка: “Як вы лічыце, чаму нямецкая прэса пра гэта нічога не паведаміла, а беларуская праінфармавала ў агульных рысах?”

Вік: “Я не хачу спэкуляваць, аднак мне падаецца, што пры асьвятленьні гэтага візыту беларускім бокам карты вырашана не раскрываць. А ў Нямеччыне пра гэта нічога ўвогуле ня пішуць.Аднак я не хачу нічога казаць у гэтым зьвязку, пакуль у нямецкіх СМІ ня зьявіцца тлумачэньняў ці камэнтароў з боку партыі вольных дэмакратаў, да якой належыць Геншэр”.

Прыхаваны характар візыту патрыярха нямецкай дыпляматыі прызнаецца і нямецкімі палітычнымі аглядальнікамі. Гаворыць нямецкі журналіст Райнгард Лаўтэрбах, колішні карэспандэнт нямецкага радыё па Беларусі і Ўкраіне.

Лаўтэрбах: “Нямецкая прэса, як ні дзіўна, ня піша пра гэта нічога. Што да МЗС і офісу Геншэра, то там цалкам адмаўляюцца камэнтаваць менскія сустрэчы дыплямата. Відавочна, у нас ня хочуць, каб матывы гэтай паездкі былі вядомымі. З аднаго боку, гэта зразумела, бо яшчэ ў дачыненьні да беларускага кіраўніка і групы чыноўнікаў дзейнічаюць санкцыі, тым больш што Геншэр сёньня не актыўны палітык, ён проста ганаровы старшыня партыі вольных дэмакратаў. Тым ня менш гэта дае яму нейкае поле для манэўра, якога б актыўна дзеючы палітык ня меў. Пагатоў цяпер усе нашы актыўныя палітыкі займаюцца выбарамі…”

Карэспандэнтка: “Аднак у асяродку беларускіх назіральнікаў зьявіліся спэкуляцыі, што Геншэр — чалавек старшыні гэтай партыі Вэстэрвэле. У выпадку перамогі кааліцыі ХДС і вольных дэмакратаў на маючых адбыцца выбарах гэты палітык прэтэндуе на пасаду кіраўніка нямецкага МЗС…”

Лаўтэрбах: “Нават калі Вэстэрвэле сапраўды стане міністрам замежных спраў, то беларускае пытаньне для яго ўсё ж не такое ўжо набалелае, каб яго трэба было вырашаць за пару тыдняў да выбараў. Дарэчы, мяркуючы па розных апытаньнях, пакуль яшчэ зусім няма пэўнасьці, што Вэстэрвэле стане міністрам. Асабіста я лічу, што візыт Геншэра мае большае дачыненьне да беларускай палітыкі, чым да нямецкаай. Што, аднак, мяне дзівіць, — што пры поўным маўчаньні нямецкага боку беларускі бок дае афіцыйныя паведамленьні наконт гэтага, пакзвае сустрэчу праз тэлебачаньне.

Амэрыканскаму сьпеваку Бобу Дылану належаць такія словы: “Something is happening, but you don’t know, what it is…” (Штосьці адбываецца, аднак невядома што…).