Дусэльдорф наведаюць былыя вязьні фашызму зь Беларусі

Такія паездкі для беларускіх ахвяраў нямецкага нацыянал-сацыялізму гарадзкія ўлады сталіцы фэдэральнай зямлі Паўночны Райн-Вэстфалія ладзяць ад 2000 году. Сёлета 13 верасьня ў Дусэльдорф зь Беларусі прыбудуць 9 чалавек, якія ў дзяцінстве былі вязьнямі нямецкіх канцлягераў і працавалі пад прымусам.
Паведамляецца, што цягам тыднёвага візыту беларускія ахвяры Другой усясьветнай вайны выступяць перад школьнікамі і супрацоўнікамі мясцовага архіву. У іх гонар наладзяць прыём у муніцыпалітэце. У рамках праекту — выпуск адмысловай брашуры зь біяграфіямі, расповедамі і фатаграфіямі беларусаў.

Паездка беларускіх вэтэранаў у Дусэльдорф фінансуецца рознымі камэрцыйнымі структурамі і грамадзкімі арганізацыямі Паўночнага Райну-Вэстфаліі.