Міліцыя знайшла міну на Крапівенскім полі

Аршанская бітва 2009

На Крапівенскім полі ізноў знайшлі міну. Пра гэта паведаміў супрацоўнік ДАІ Ўладзімер Комбальт. Ён адмовіўся патлумачыць адкуль у яго гэтая інфармацыя, паведаміўшы, што зьвесткі канфідэнцыйныя.
Заязджаць на машынах на Крапівенскае поле забаронена. З мінакоў прапускаюць толькі тых, хто недалёка жыве. Міліцэйскія машыны дзяжураць амаль на кожным скрыжаваньні з Воршы да вёскі Гацькаўшчына.

Непадалёк ад Воршы сёньня адбывацца штогадовы бардаўскі фэст "Аршанская бітва 2009". Фэстываль традыцыйна праходзіць на Крапівенскім полі, гістарычным месцы Аршанскае бітвы, якая адбылася ў 1514 годзе і скончылася перамогай войска ВКЛ над расейскім войскам. Міліцыя, аднак, заявіла, што на месцы правядзеньня фэсту знойдзеная міна і людзей туды не пускаюць.

Арганізатары паведамілі, што ўсё роўна правядуць канцэрт непадалёк, на беразе рэчкі Крапівенкі.Пра магчымыя варыянты правядзеньня фэсту “Аршанская бітва 2009” каардынатар Юры Копцік:

Юры Копцік
“Мы ўзялі за аснову той плян, які ў нас стыхійна склаўся ў 2007 годзе ў час гэтай апэрацыі “Achtung”. Сёлета не так жорстка, без АМАПу, без прачосваньня тэрыторыі і пастоў, таму мы будзем станавіцца на нікім незанятым, нікім не ачэпленым месцы правага берагу Крапівенкі паміж дарогай і Дняпром. Усе, хто нас чуюць і чытаюць, кіруйцеся сюды.

Юры Копцік згадаў, што ў 2007 годзе імпрэзу ўжо спрабавалі забараніць падобным чынам. Тады загадзя было абвешчана, што ў Дняпры, паблізу месца, дзе маецца адбыцца фэст, знайшлі снарады. Некалькі соцень людзей, што з’ехаліся сюды, міліцыянты разварочвалі і прымушалі вяртацца ў Воршу. Некаторую частку патэнцыйных слухачоў затрымалі яшчэ на чыгуначным і аўта вакзалах. Але імпрэза адбылася, хоць крыху ў іншым фармаце – удзельнікі і выступоўцы разышліся па некалькіх пляцоўках і аўтарскія песьні ўсё ж прагучалі.