Целы загінулых лётчыкаў вярнуліся ў Беларусь

Сёньня каля 14.45 на аэрадром вайсковай базы ў Баранавічах сеў польскі вайскова-транспартны самалёт, які прывёз целы беларускіх лётчыкаў, што загінулі 30 жніўня падчас авіяшоў у Радаме.

Разам зь целамі Аляксандра Марфіцкага і Аляксандра Жураўлевіча гэтым спэцрэйсам прыляцеў прадстаўнік вайскова-паветраных сілаў Польшчы і ганаровая варта. Палякі перадалі целы лётчыкаў беларускім вайскоўцам, якія павезьлі іх у кватэры, дзе жывуць сем’і загінулых.

Сотні жыхароў сабраліся ў дварах перад пад’ездамі дамоў, дзе жылі лётчыкі, целы якіх прывезьлі ў закрытых трунах. Публічнае разьвітаньне прызначана на заўтра ў гарадзкім Доме афіцэраў а палове 12-й.