"Cправаздачныя” каноплі

Поле канопляў

Гомельская міліцыя празь мясцовыя СМІ адрапартавала, што падчас нядаўняй спэцыяльнай апэрацыі “Мак” ля вёскі Бальшавік Гомельскага раёну выяўлена канаплянае поле памерам 2,5 гектара. Каноплі скошаны й зьнішчаны.

Плянтацыі канапель знойдзеныя таксама ў Лоеўскім, Лельчыцкім і Жлобінскім раёнах. Паводле міліцэйскай справаздачы, за два месяцы спэцмерапрыемстваў выяўлена блізу трохсот незаконных пасеваў, прыдатных для вырабу наркатычных рэчываў. Агулам зьнішчана амаль 12 гектараў алеістага маку й канапель, агульная вага якіх дасягнула 20 тон.

Цікава, што пасевы канапель міліцыя ледзь ня кожны год выяўляе ў ваколіцы паселішчаў Бальшавік й Касьцюкоўка Гомельскага раёну. Пры гэтым нічога не паведамляецца пра канапляных сейбітаў. Спэцыялісты сельскай гаспадаркі лічаць, што на тэрыторыі рэгіёну расьце багата самасейных канапель. Раней прыватнікі й калгасы сеялі каноплі як чыста тэхнічную культуру. Сьцёблы яе ішлі на пяньку, зь якой на канатных заводах вілі моцныя вяроўкі, а семя — на алей.

Цяпер каноплі сталі важкай “справаздачнай” культурай хіба толькі ў міліцэйскіх зводках пра барацьбу зь незаконным абаротам наркотыкаў.