Грузія як тэст для Беларусі

Міхаіл Саакашвілі

“Калі цяперашні грузінскі ўрад застанецца ва ўладзе, іншыя постсавецкія краіны, уключна зь Беларусьсю, стануць больш незалежнымі”, — такой думкі прытрымліваецца грузінскі прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі.
У сваім інтэрвію францускаму выданьню Libération ён назваў галоўным посьпехам сваёй краіны тое, што праз год пасьля вайны яна застаецца незалежнай.

Паводле ягоных слоў, “Пуціна цікавіць уся постсавецкая прастора. Беларусь, Украіна і Ўзбэкістан байкатуюць саміты СНД. Туркмэністан і Азэрбайджан пераглядаюць сваю прарасейскую палітыку”.

“Грузія — гэта свайго роду тэст. Калі наш урад застанецца ва ўладзе, усе гэтыя краіны стануць нашмат больш незалежнымі. Усё гэта цалкам зьменіць балянс у рэгіёне. Гэта вялікая дыпляматычная гульня, і каб дасягнуць станоўчых вынікаў, трэба далучыць да яе Эўропу”, — заявіў грузінскі лідэр.

Ён таксама адзначыў, што Эўропа цяпер, на жаль, занятая ўласнымі праблемамі. Аднак, зь іншага боку, ЭЗ сёе-тое робіць з такімі праектамі, як Nabucco ды “Ўсходняе партнэрства”.

Як лічыць Саакашвілі, галоўнае — не дапусьціць, каб будучыня іншых краін вызначалася ў Маскве.