Ствараецца Нацыянальны малочны камітэт

Сярод яго асноўных функцый будзе экспэртыза законапраектаў, а таксама распрацоўка дакумэнтаў, якія рэгулююць малочную галіну.

У Беларусі ствараецца Нацыянальны малочны камітэт. Пра гэта паведаміў журналістам у Менску намесьнік дырэктара Саюзу прадпрыемстваў малочнай галіны Аляксандар Кандрашоў, паведамляе Інтэрфакс.

Ён спадзяецца, што дзейнасьць камітэту “дазволіць у будучым пазьбегнуць шмат якіх рознагалосьсяў, якія ўзьнікаюць цяпер у працы галіны”.

Аляксандар Кандрашоў адзначыў, што стварэньне камітэту дазволіць Саюзу прадпрыемстваў малочнай галіны ўжо сёлета ўступіць у Міжнародную малочную фэдэрацыю, у якой прадстаўленыя больш за 57 краін. Гэта забясьпечыць доступ да сучасных выпрабавальных лябараторыяў і да ўсёй інфармацыі, якая пакуль застаецца недаступнай. Таксама шырэйшымі стануць магчымасьці выкарыстоўваць спэцыялістаў міжнароднай клясы для кансультаваньня беларускіх малочных прадпрыемстваў.

Паводле Кандрашова, для стварэньня камітэту патрабуецца адмысловае палажэньне ўраду Беларусі.