На Слуцкім мясакамбінаце патруціліся з-за няякаснай зваркі

Паводле высновы экспэртаў зварное шво аміячнага трубаправоду ў месцы прываркі заглушкі было няякасным і разбурылася з-за стомленасьці.
Пра гэта паведаміла БелаПАН старшая памочніца пракурора Менскай вобласьці Тацяна Калініна.

18 ліпеня на Слуцкім мясакамбінаце адбылася ўцечка 200 кг аміяку. Адна работніца загінула, яшчэ тры жанчыны й адзін мужчына трапілі ў шпіталь.

Была ўсчатая крымінальная справа за парушэньне правілаў аховы працы. Сьледзтва працягваецца. Канчатковыя прычыны аварыі будуць устаноўленыя пасьля дадатковых экспэртных дасьледаваньняў і заключэньня расьсьледаваньня, якое праводзіць Дзяржпрамнагляд і Дзяржаўная інспэкцыя працы, паведамілі ў пракуратуры Менскай вобласьці.