Свабода і прагрэс супраць Мін’юсту

Уладзімер Навасяд

Аргкамітэт па стварэньні Партыі свабоды й прагрэсу сёньня падаў скаргу ў Вярхоўны суд Беларусі. Актывісты апратэстоўваць пастанову Міністэрства юстыцыі аб адмове ў рэгістрацыі партыі. Чыноўнікі аргумэнтавалі сваё рашэньне тым, што значная колькасьць заснавальнікаў партыі нібыта падалі пра сябе несапраўдныя зьвесткі

“У нас было два шляхі вырашэньня гэтага пытаньня: альбо засяродзіцца выключна на прытэнзіях Міністэртсва юстыцыі, якімі яно матывавала адмову ў рэгістрацыі, або судзіцца паказваючы парушэнні, які дапусцілі самі супрацоўнікі Мінюста. Мы абралі суд. Мы будзем імкнуцца ў судзе паказаць, як адбываецца ў Беларусі працэс рэгістрацыі партыяў, як працуюць службоўцы міністэрства. На судзе таксама мы будзем бараніць нашых сяброў, якія вымушаныя былі даваць тлумачэньні на працы й на месцах вучобы, чаму яны сталі заснавальнікамі партыі. На гэтую тэму зь імі гутарылі прадстаўнікі адміністрацыі і сілавых структураў. Пакуль застаецца нявысьветленым, якім чынам гэтыя людзі атрымалі рэгістрацыйныя зьвесткі зь Мін’юсту. Можа, у судовым парадку мы даведаемся пра гэта”, — паведаміў “Свабодзе” юрыст аргкамітэту Сяргей Варанкевіч.

Па фактах сустрэчаў супрацоўнікаў сілавых структураў з заснавальнікамі партыі яе кіраўніцтва накіравала скаргі ў Міністэрства юстыцыі і абласныя ўправы юстыцыі. Паводле старшыні аргкамітэту Ўладзімера Навасяда, у адказах зь Мін’юсту гаворыцца, што парушэньняў заканадаўства ня выяўлена.

Партыя свабоды й прагрэсу рэгіструецца ад 2003 году. Апошні, чацьвёрты ўстаноўчы сход адбыўся ў Магілёве 18 красавіка. 17 траўня ў Міністэрства юстыцыі Беларусі былі пададзеныя дакумэнты на рэгістрацыю. Заснавальнікамі партыі выступілі 1011 чалавек. Для рэгістрацыі партыі патрабуецца адна тысяча. Міністэрства юстыцыі сваё рашэньне аб адмове рэгістраваць партыю прыняло 15 чэрвеня.