У Гомелі ўвесь дзень затрымліваюць за газэту “Товарищ”

Уладзімер Мышак

Сёньня ў Гомелі ў другой палове дня міліцыя працягвала затрымліваць актывістаў ПКБ.

Ля прахадной аўтарамонтнага заводу былі затрыманы Марыя Багдановіч і Ўладзімер Мышак. Падчас перазьменкі яны раздавалі рабочым газэту “Товарищ” і ўлёткі “Рэформы супраць крызысу”.

Участковы Руслан Фігаль зьявіўся ля заводу ў цывільнай вопратцы, калі актывісты ўжо распаўсюдзілі шмат і газэт, і ўлётак. Ён паказаў службовае пасьведчаньне й выклікаў нарад міліцыі.

Марыю Багдановіч і Ўладзімера Мышака адвезьлі ў Цэнтральны райаддзел міліцыі. Участковы запісаў анкетныя зьвесткі актывістаў і пацікавіўся, зь якой мэтай яны распаўсюджвалі газэту.

“Я адказала, — распавяла Марыя Багдановіч, — што мэтаў дзве: рэкляма газэты „Товарищ“, распаўсюд якой забаронены ў сыстэме „Белпошты“, і знаёмства грамадзянаў з бачаньнем дэмакратычнымі сіламі шляхоў выйсьця з крызісу”.

Руслан Фігаль забраў 9 асобнікаў газэты “Товарищ” і 94 антыкрызісныя ўлёткі, заявіўшы, што іх будзе вывучаць начальства. Пасьля гэтага актывістаў адпусьцілі.

Пад вечар міліцыя затрымала ля заводу пускавых рухавікоў сяброў ПКБ Сяргея Мотуза й Сяргея Шпакава. У іх таксама забралі газэты “Товарищ”.

ПКБ сёньня ладзіла адзіны рэспубліканскі дзень інфармаваньня насельніцтва.