І.Крук патрабуе, каб дапыталі міліцыянтаў

Іван Крук

Суд на Іванам Круком працягнецца заўтра. Актывісту інкрымінуюць распаўсюджваньне друкаваных выданьняў без выходных дадзеных.
Сёньня Іван Крук унёс хадайніцтва, каб у судзе дапыталі міліцыянта, які канфіскоўваў друкаваную прадукцыю, якую нібыта незаконна распаўсюджваў Іван Крук.

Справа ў тым, што сьведкі з боку міліцыі блыталіся ў сваіх паказаньнях, а Іван Крук цьвёрда настойваў на тым, што канфіскацыя газэтаў адбылася з грубым парушэньнем заканадаўства.

26 красавіка Іван Крук сустрэў на вуліцы суседа-пэнсіянэра і даў яму газэты “Астравецкі весьнік”, “Мірны атам”, “Новы час”, “Глыток паветра”, Вілейшчына”, у якіх былі надрукаваныя артыкулы пра плянаваную будоўлю Астравецкай АЭС.

Усе газэты потым былі канфіскаваныя міліцыянтамі, а ў Івана Крука ўчастковы ўзяў пісьмовае тлумачэньне і разам з газэтамі накіраваў у Міністэрства інфармацыі. Там на актывіста склалі адміністрацыйны пратакол за тое, што ён распаўсюджваў выданьні без выходных дадзеных, і накіравалі ў Астравецкі суд.

Спадар Крук лічыць, што падобнымі дзеяньнямі ўлады парушаюць артыкул 33 Канстытуцыі, які гарантуе свабоду думак і іх свабоднае выказваньне, і артыкул 34 — права грамадзян на атрыманьне дакладнай інфармацыі. А таксама Орхускую канвэнцыю, якую Беларусь падпісала яшчэ ў 2001 годзе.