Суд на Іванам Круком працягнецца сёньня

Іван Крук

Яму інкрымінуюць распаўсюд друкаваных выданьняў без выходных дадзеных.

Як распавёў сам актывіст, 26 красавіка ён сустрэў на вуліцы суседа-пэнсіянэра і даў яму газэты “Астравецкі весьнік”, “Мірны атам”, “Новы час”, “Глыток паветра”, Вілейшчына”, у якіх былі надрукаваныя артыкулы пра будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Усе яны потым былі канфіскаваныя міліцыянтамі, а ў Івана Крука ўчастковы ўзяў пісьмовае тлумачэньне і разам з газэтамі накіраваў у Міністэрства інфармацыі. Там на яго быў складзены адміністрацыйны пратакол і накіраваны ў Астравецкі суд.

На першым паседжаньні спадар Крук заявіў некалькі хадайніцтваў і паседжаньне суду перанесьлі на сёньня.

Спадар Крук лічыць, што падобнымі дзеяньнямі ўлады парушаюць артыкул 33 Канстытуцыі, якая гарантуе свабоду думак і іх свабоднае выказваньне і артыкул 34 – права грамадзян на атрыманьне дакладнай інфармацыі. А таксама Орхускую канвэнцыю, якую падпсіала Беларусь.



Орхуская канвэнцыя — гэта міжнародная дамова, якая аб’ядноўвае экалягічныя і агульныя правы чалавека . Яна дае грамадзянам шырокія правы і ўскладае на дзяржаўныя органы пэўныя абавязкі ў галіне забесьпячэньня доступу да экалягічнай інфармацыі і ўдзелу грамадзкасьці ў прыняцьці значных рашэньняў. Канвэнцыя забясьпечвае таксама і доступ да правасудзьдзя. Гэтыя палажэньні складаюць так званыя тры пастуляты Орхускай канвэнцыі. У Беларусі Орхуская канвэнцыя ўступіла ў сілу 30 кастрычніка 2001 году.