У Аўтуховіча новы сьледчы і яшчэ адна справа

Мікалай Аўтуховіч. Фота з архіву Свабоды

Сёньня адвакат Павал Сапелка бачыўся ў менскім сьледчым ізалятары зь Мікалаем Аўтуховічам, а ў магілёўскай калёніі адбылася сустрэча адваката Зьмітра Гарачкі з галадоўнікам Эмануілам Зэльцэрам. Як пачуваюцца галадоўнікі?
“Трымаецца, вельмі слабы, але працягвае галадоўку, на сустрэчу прыйшоў самастойна”, – паведаміў адвакат Павал Сапелка пра Мікалая Аўтуховіча, зь якім пабачыўся сёньня ў менскім сьледчым ізалятары.

Мінае 69 дзень, як Мікалай Аўтуховіч пачаў галадоўку. Адвакату невядома, ці ставяць Аўтуховічу кропельніцы. Прадпрымальнік пратэстуе супраць крымінальнага перасьледу, які лічыць незаконным – Аўтуховіча абвінавачваюць у падпале дома міліцыянта. Як паведаміў Павал Сапелка, днямі Аўтуховічу абвясьцілі, што ён лічыцца падазраваным і ў яшчэ адной крымінальнай справе – аб незаконных дзеяньнях са зброяй.

“Прызнаны падазраваным у зьдзяйсьненьні злачынства, прадугледжанага 3-й часткай 295 артыкулу Крымінальнага кодэксу – гэта незаконныя дзеяньні ў адносінах да зброі і боепрыпасаў”.

Найбольшае пакараньне, якое прадугледжана гэтым артыкулам – 8 гадоў зьняволеньня. Паводле адваката, справы, у якіх фігуруе Мікалай Аўтуховіч аб’яднаныя:

“Як я разумею, абедзьве справы аб’яднаныя ў адну вытворчасьць, а Мікалай Аўтуховіч лічыцца арыштаваным за галоўнай сьледчай управай МУС.”

Адвакат таксама паведаміў прозьвішча новага сьледчага, які вядзе справу Аўтуховіча – гэта спадар Клачко. Раней справу прадпрымальніка расьсьледаваў сьледчы Кухаронак з Гародні.

Разам зь Мікалаем Аўтуховічам абвінавачаныя ў падпале дома міліцыянта Юры Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка. Як раней паведамляла дачка Лявонава Юля Міхнюк, яе бацька таксама фігуруе ў другой справе, зьвязанай са зброяй, нібыта гранатамётам. Але атрымаць пацьверджаньне гэтаму ад сьледчага Кухаронка мне не ўдалося. Такім чынам, зьвесткі пра другую справу адносна зброі, у якой фігуруюць як найменей Аўтуховіч і Лявонаў, пацьвердзіліся. Адвакат Сапелка толькі ўдакладняе, што абвінавачаньне па гэтай справе не выстаўлена, ягоны падабаронны лічыцца падазраваным.

Сёньня ж з Эмануілам Зэльцэрам у магілёўскай калёніі пабачыўся ягоны адвакат Зьміцер Гарачка. Зэльцэр трымае галадоўку ўжо 2 тыдні. Вось што паведаміў адвакат “Свабодзе”:
Эмануіл Зэльцэр

“Дакумэнты ніякія не прыйшлі ў калёнію, галадоўка працягваецца, стан здароўя па-ранейшаму – усё горшы. Яго больш хвалюе, чаму ў быццам прававой дзяржаве ён ня можа атрымаць дакумэнтаў, якія неабходны для амністыі паводле закону”.

Паводле адваката, Эмануіл Зэльцэр падпадае пад амністыю, абвешчаную ў сувязі з гадавінай вызваленьня Беларусі. Дакумэнты амэрыканца мусіць разгледзіць камісія ў справе амністыі пры магілёўскай калёніі, але ўжо болей за месяц зь Менскага гарадзкога суду не дасылаюць даведку, безь якой разгляд дакумэнтаў немагчымы. У пачатку чэрвеня адвакат Зьміцер Гарачка паскардзіўся на гэта ў Вярхоўны суд і ў пракуратуру Менска.

Сёньня падчас прэсай канфэрэнцыі генэральны пракурор Рыгор Васілевіч паабяцаў “праверыць”, чаму Зэльцэру не выдаюць дакумэнтаў для ўжываньня адносна яго амністыі.