Месяц акцыі, каб жанчыны дбалі пра здароўе ўвесь час

Дыягназ “рак малочнай залозы” штогод становіцца лёсам больш чым для 3400 беларусак. Гэта каля 65 захварэлых на 100 тысяч насельніцтва. Нядаўна ў Менску завяршылася дабрачынная акцыя “Месяц здароўя жаночай грудзі”. Нягледзячы на вельмі сьціплую рэкляму, жадаючых прайсьці абсьледаваньне аказалася значна больш, чым магчыма было прыняць.

Змагацца за жаночае здароўе і супраць раку малочнай залозы некалі першай пачала Ірына Казуліна, жонка экс-кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Казуліна. Сьмяротна хворая на рак малочнай залозы, яна распачала дабрачынную дзейнасьць на карысьць здароўя беларускіх жанчын, распавядае галоўны мамоляг Беларусі прафэсар Леанід Путырскі:

— Яна стварыла клюб жанчын, хворых на рак малочнай залозы пры Беларускім Дзяржаўным унівэрсытэце, запрашала неаднаразова мяне і я перад гэтымі жанчынамі выступаў разам зь ёю. Гэтыя жанчыны, аб’яднаўшыся, сталі адчуваць сябе зусім інакш, нашмат больш упэўнена — дзякуючы менавіта Ірыне Казулінай“.

Ініцыятарам сёлетняй дабрачыннай акцыі выступіла Студыя ідэй “Сакава”. Крэатар Тацьцяна Сакава стварыла рэклямны вобраз акцыі — бюстгальтар з адной чашкай і дэвіз: “Зрабі ўсё, каб гэта ніколі не з’явілася ў тваёй бялізьне”. Сутнасьць акцыі была простая: у тэрмін з 4 траўня па 4 чэрвеня усім жадаючым прапаноўвалася пракансультавацца ў мамолягаў, якія вялі прыём у мэдычным цэнтры “Нардзін”. Пры неабходнасьці пацыентак накіроўвалі на мамаграфію ў мэдычны цэнтар “Ладэ”.

Унікальнасьць гэтай дабрачыннай акцыі — у рэклямным мэтадзе “стымуляваньня”, распавядае Тацьцяна Сакава:

— Што такое стымуляваньне? Гэта калі нас заахвочваюць устаць, пайсьці і зрабіць нешта ужо цяпер. У нейкі пэўны прамежак часу. Бо калі нам проста кажуць: маўляў, праблемы грудзі, праблема СНІД… Мы слухаем, але не сьпяшаемся да дактароў. Калі часу не хапае, калі баімся.

“Стымуляваньне” дало выбух. У выніку акцыі прайшло абсьледаваньне 310 жанчын. А зьвярнулася — 1200. То бок, жадаючых аказалася ў 4 разы больш. Да гэткай колькасьці наведнікоў ніхто ня быў гатовы, працягвае Тацьцяна:

— Прыйшлося мяняць умовы акцыі, на жаль. Меркавалася, што прыём будзе выключна па жывой чарзе. Але гэта папросту немагчыма, бо прыходзіла штодня па 200 чалавек, а прыняць рэальна мы маглі 30 максымальна. І гэта ўсё на тле амаль адсутнасьці рэклямы. Мы першапачаткова зьбіраліся задзейнічаць некалькі каналаў інфармацыйных, але спыніліся. У нас толькі адзін артыкул быў на tut.by. І ён даў гэткую хвалю.

Разьмеркаваць паток людзей было вельмі складана. На “інфалініі” і падчас прыёму дактароў працавалі валянтэры “Беларускай асацыяцыі маладых хрысьціянскіх жанчын”.

Каардынатар Вольга Янчык:

— У першы дзень другога тыдня прыйшло каля 160 чалавек. У асноўным за гадзіну да пачатку прыёму, а тым часам каля 50 чалавек ужо стаялі ў калідорах “Нардзіна”. І агрэсіўна людзі сябе паводзілі, разумеючы, што далёка ня ўсім атрымаецца патрапіць на прыём. Далей некалькі дзён мы спрабавалі мэтадам спроб і памылак арганізаваць прыём наведнікаў аптымальна…

Адна з патэнцыйных наведніц акцыі дзеліцца ўражаньнямі:

— Ідэя гэтай акцыі — цудоўная. Я вельмі хацела патрапіць на прыём і спрабавала. Але правёўшы два дні ў чэргах… Не магла дазволіць сабе больш за 2 гадзіны там праводзіць. Але там было шмат спэцыялізаванай літаратуры — цяпер я разумею, як самастойна рабіць самаагляд грудзі…

Дактары працавалі значна больш, чым абумоўлівалася правіламі акцыі. Там была пазначана гадзіна прыёму. Але спэцыялісты часам вялі прыём нават да 10-й гадзіны вечара. Прафэсар-мамоляг Леанід Путырскі распавядае:

— Толькі я тры ракі знайшоў сярод тых, хто да мяне зьвярнуўся — сярод тых, хто першы раз наагул зьвяртаўся. Фібраадэномы, дабраякасныя пухліны, былі выяўлены, мастапатыі — дыфузныя, лякальныя… Каго супакоілі, каму далі парады…

Вялікая колькасьць з тых, хто зьвярнуўся па кансультацыю, — жанчыны, якія ўжо перанесьлі апэрацыю, кажа Тацьцяна Сакава:

— Гэтыя прафэсары — да іх жа вельмі цяжка патрапіць. А за грошы — досыць дорага, ня кожная жанчына можа сабе гэта дазволіць. Уявіце: жанчына пасьля апэрацыі, ёй штогод трэба назірацца, наведваць спэцыяліста. У паліклініках іх няма. Сапраўды, у нас не хапае мамолягаў у краіне.

Недахоп мамолягаў — гэта толькі частка праблемы раку малочнай залозы. І дасьледаваць усіх жанчын Беларусі ў рамках адной акцыі немагчыма. Галоўная мэта “месяцу здаровай грудзі” была не ў гэтым, падкрэсьлівае сп. Путырскі:

“На сёньняшні дзень каля 70% выпадкаў рака малочнай залозы знаходзяць у сябе жанчыны самастойна. Але ня кожная жанчына ведае, што трэба глядзець за сваімі малочнымі залозамі, таму ёсьць некалькі адсоткаў, каля 10, якія адразу трапляюць у стацыянар з 4-й стадыяй. І хацелася б, каб такіх выпадкаў было менш, каб да нас зьвярталіся зь першай стадыяй, з другой. Вось галоўная мэта нашай акцыі была: каб ускалыхнуць увагу жанчын да ўласнага здароўя.