Аўтуховіча наведаў кіраўнік місіі АБСЭ

Зьняволенага ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча 29 траўня ў сьледчым ізалятары наведаў кіраўнік місіі АБСЭ у Беларусі Ганс-Ёган Шмідт.

Паводле дыплямата, Мікалай Аўтуховіч “ня скардзіўся на мэдычны нагляд”, а стан свайго здароўя назваў “здавальняючым”. Ганс-Ёган Шмідт ацаніў выгляд галадоўніка як “нармальны” і паведаміў, што той падзякаваў яму за візыт.

Нагадаем, Мікалай Аўтуховіч 16 красавіка абвясьціў галадоўку. Другі тыдзень для падтрыманьня сілаў яму праз кропельніцу ўводзяць глюкозу. Прадпрымальнік з Ваўкавыску, якога абвінавацілі ў падпале дома міліцыянта, зьдзейсьненым яшчэ ў 2005 годзе, не прызнае сябе вінаватым і патрабуе перадачы справы ў суд, альбо вызваленьня пад падпіску пра нявыезд. Мікалай Аўтуховіч дамагаецца таго ж і для сваіх знаёмых Юрыя Лявонава і Уладзімера Асіпенкі, якія праходзяць па адной зь ім справе і таксама ужо амаль 4 месяцы ўтрымліваюцца ў менскім сьледчым ізалятары.