Літва ўмацуе сувязі зь літоўцамі Беларусі

Мястэчка Гервяты Астравецкага раёну, дзе жывуць беларускія літоўцы

Урад Літвы рыхтуецца разгледзець меры для захаваньня культурнай самабытнасьці жыхароў Беларусі літоўскага паходжаньня і іх сувязяў зь Літвой, - паведамляе BNS.

На нарадзе кабінэту міністраў плянуецца разгледзець меры, прапанаваныя рабочай групай, сфармаванай прэм’ерам у канцы 2010 году. Сярод прапанаваных мер - дапамога літоўскім школам, нядзельным літоўскім школам, бібліятэкам, паляпшэньне матэрыяльных умоваў арганізацыяў літоўскай асьветы, культурных установаў, жыцьця спэцыялістаў, якія адпраўляюцца працаваць у Беларусь, увекавечаньня значнай для Літвы культурнай спадчыны ў Беларусі.

Таксама прапануецца разгледзець магчымасьць увядзеньня пасады аташэ ў справах культуры ў Беларусі. Увядзеньне гэтай пасады было ўхваленае ўрадам у лютым 2008 году, аднак у кастрычніку 2009 году яна была ліквідаваная.

Акрамя таго, працоўная група прапануе разгледзець пытаньне палягчэньня выдачы шматразовых нацыянальных віз літоўцам, якія жывуць за мяжой і якія прыяжджаюць у Літву для навучаньня, а таксама разгледзець магчымасьць арганізацыі ў Літве гадавых падрыхтоўчых курсаў для выпускнікоў школ - этнічных літоўцаў, якія хочуць навучацца ў вышэйшых школах Літвы.

Гэтыя ды іншыя меры плянуецца рэалізаваць у 2011-2012 гадах.

Як паведамляецца на сайце амбасады Літвы ў РБ, цяпер у Беларусі жывуць каля 30 тыс. літоўцаў.