Беларуска-ўкраінскія вучэньні адмененыя

Беларуска-ўкраінскія вучэньні сіл супрацьпаветранай абароны, якія павінны былі пачацца 28 красавіка, перанесеныя на няпэўны тэрмін. Пра гэта БелаПАН паведамілі ў прэс-службе Міністэрства абароны Украіны.

Адмена вучэньняў зьвязаная з тым, што Вярхоўнай радай яшчэ не прыняты закон аб допуску замежных вайскоўцаў на тэрыторыю Ўкраіны для ўдзелу ў вучэньнях у 2011 годзе, растлумачылі ў абаронным ведамстве. Разгляд законапраекту ў парлямэнце заплянаваны на 11 траўня.

Як паведамілі БелаПАН у камандаваньні ВПС і войскаў СПА Узброеных сіл Беларусі, афіцыйная тэлеграма з украінскага Міністэрства абароны наконт адмены вучэньняў чакаецца найбліжэйшым часам.

Нагадаем, згодна зь легендай вучэньняў, украінскія сілы СПА ажыцьцяўляюць перахоп самалёта — парушальніка дзяржаўнай мяжы, ролю якога павінен выконваць самалёт адной з баз ВПС і войскаў СПА Узброеных сіл Беларусі.

Ад Украіны ў вучэньнях плянавалася задзейнічаць сем самалётаў, ад Беларусі — дзесяць.

Адмена вучэньняў адбываецца на фоне абурэньня афіцыйнага Кіева заявай
Аляксандра Лукашэнкі пра “вашывасьць” украінскага кіраўніцтва, зробленай ім 26 красавіка.